Славамір Назарук з Форума меншасцей Падляшша возьме ўдзел у выбарах



Славамір Назарук з Форума меншасцей Падляшша будзе кандыдатам у Соймік ваяводства ад Беластоцкай акругі. Стартуе з чацвёртага месца са спісу Грамадзянскай кааліцыі, у склад якой у Беластоку ўваходзяць, апрача Форума меншасцей, “Грамадзянская платформа”, “Новочэсна” і камітэт Тадэвуша Трускаляскага. Поўны спіс грамадзянскай кааліцыі будзе прадстаўлены ў панядзелак 17 верасня. “Вельмі важна, каб у структурах самакіравання былі прадстаўнікі меншасці, якія будуць бараніць наш пункт гледжання”, – адзначае Славамір Назарук.

– Калі няма нашых радных, якія свядомыя, то гэтыя стэрэатыпы будуць пашырацца. А калі ёсць, то тады мы можам з трыбуны на сесіі Рады горада ці камісіі папросту выказаць сваё меркаванне. І так было пры названні вуліц імем Лупашкі ці выклятых жаўнераў.

Славамір Назарук апошнія 20 гадоў быў радным Беластока. Ён быў ініцыятарам названня шэрагу вуліцаў у Беластоку ў гонар беларускіх і праваслаўных дзеячаў Падляшша, між іншым, Міколы Гайдука, Яна Тарасэвіча, архіепіскапа Мірана і Тамары Саланевіч. Выбары ў мясцовае самакіраванне прызначаны на 21 кастрычніка.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток