Тэмпы росту беларускага ВУП замарудзіліся
Белстат зрабіў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукту за студзень—жнівень 2018 года. Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 77,4 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах на 3,7% больш за ўзровень студзеня—жніўня 2017 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені—жніўні 2018 года ў дачыненні да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 112,4%.
Як паведамлялася раней, у студзені ВУП Беларусі вырас на 4,8%, студзені—лютым — на 5,7%.
Пачынаючы з сакавіка назіраецца зніжэнне тэмпаў росту: у студзені—сакавіку ВУП вырас на 5,2%, студзені—красавіку — на 4,8%, студзені—маі — на 4,7%, студзені—чэрвені — на 4,5%, студзені—ліпені — на 4,4%.
Як адзначаюць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця, рост беларускай эканомікі запавольваецца, што можа гаварыць аб завяршэнні фазы аднаўлення эканамічнай актыўнасці.
„Па выніках 2018 года прырост ВУП складзе 3,8%, што з’яўляецца максімальным значэннем з 2011 года. Падтрыманню высокіх тэмпаў росту будзе спрыяць захаванне высокай спажывецкай актыўнасці на фоне павелічэння грашовых даходаў насельніцтва і пашырэння крэдытавання”, — гаворыцца ў нядаўнім макраэканамічным аглядзе ЕАБР.
Разам з тым расейскія эксперты адзначаюць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве тэмпы росту беларускай эканомікі „будуць імкнуцца да свайго патэнцыйнага ўзроўню”, які яны ацэньваюць у 2%.