Каманда МАЗа рыхтуецца перамагаць на ралі-рэйдзе „Дакар-2019”



Каманда „МАЗ-СПОРТаўта” возьме ўдзел у прэстыжным ралі-рэйдзе „Дакар-2019”, якое пройдзе 6—17 студзеня ў Перу, паведаміў 17 верасня журналістам у Менску кіраўнік беларускай каманды Сяргей Вязовіч па вяртанні з Туркменістана, дзе яго экіпаж стаў пераможцам Turkmen Desert Race.

Беларускія гоншчыкі праедуць „Дакар” на дзейных грузавіках, сабраных і пратэставаных да апошняга марафону па Паўднёвай Амерыцы. У Перу яны паплывуць на караблі ў канцы лістапада. „Новыя спартыўныя „МАЗы” паказалі сябе хуткімі і канкурэнтаздольнымі на ўсіх відах дарожнага пакрыцця”, — адзначыў Вязовіч.

Паводле яго слоў, каманда як мінімум плануе стаць прызёрам „Дакара-2019”. „Гэта нашы мэты. Тут важныя і ўдача, і падтрымка гледачоў, і намаганні завадчан, якія павінны пасля гонкі прывесці тэхніку ў парадак”, — дадаў гоншчык.

З Туркменістана каманда прывезла першы чэмпіёнскі тытул у сваёй гісторыі. На ралі-рэйдзе Turkmen Desert Race „МАЗ” Вязовіча прыйшоў першым, пакінуўшы ззаду ўсе экіпажы „КАМАЗ-майстра” — самай тытулаванай каманды ў свеце.

„З першага дня мы абралі тактыку атакі. Апошнія два этапы пайшлі ў заключную атаку, адыгралі час і ўпэўнена завяршылі гонку. Пры гэтым не толькі перамаглі ў класе грузавікоў, але і ўвайшлі ў першую тройку ўсіх экіпажаў, у тым ліку легкавых аўтамабіляў”, — адзначыў Вязовіч.

Самым складаным, паводле яго слоў, было захаваць маральную ўстойлівасць — пяцідзённая гонка да апошняга моманту трымала ў напрузе. „Супернік быў моцны — перамагчы хлопцаў з „КАМАЗ-майстра” на новай для ўсіх трасе было асабліва ганарова. А што да фізічных выпрабаванняў, то мы да іх былі гатовыя. Хоць, калі праязджалі пустыню, тэмпература часам даходзіла да 45 градусаў”, — прызнаўся пілот.

Міжнародны марафон Turkmen Desert Race, які адбыўся 11—14 верасня, праводзіўся ўпершыню. У гонцы па пустыні Каракумы ўзялі ўдзел прыблізна 70 экіпажаў з розных краін. Перамога ў ралі-рэйдзе стала для каманды „МАЗ-СПОРТаўта” найлепшым вынікам у гісторыі. Папярэднім дасягненнем экіпажа Вязовіча было другое месца на марафоне „Дакар-2018”.

belapan.by