Рост прамысловай вытворчасці запаволіўся



Аб’ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў студзені—жніўні 2018 года склаў 71,1 млрд рублёў, што на 7,1% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, вынікае са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені—ліпені тэмп росту прамысловай вытворчасці склаў 7,5%. Такім чынам, за месяц зніжэнне — 0,4 працэнтнага пункта.

У студзені прырост прамвытворчасці склаў 9,7%, студзені—лютым — 10,3%, студзені—сакавіку — 9,4%, студзені—красавіку — 8,8%, студзені—маі — 8,3%, студзені—чэрвені — на 7,8%.

У горназдабыўной прамысловасці ў студзені—жніўні рост склаў 3%, у апрацоўчай — 7,4%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — таксама 7,4%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,4%.

Ва ўсіх галінах апрацоўчай прамысловасці аб’ём прамысловай вытворчасці за студзень—жнівень 2018 года перавысіў узровень студзеня—жніўня 2017 года. Найбольшы прырост назіраўся ў вытворчасці машын і абсталявання (на 16,4%), транспартных сродкаў і абсталявання (на 15,6%), вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі (на 13,9%), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (на 10,8%), металургічнай вытворчасці, вытворчасці гатовых металічных вырабаў, акрамя машын і абсталявання (на 6,7%).

У 2017 годзе прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасла на 6,1%.

belapan.by