У Менск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі



«Калі шчыра, я дагэтуль не магу паверыць, што ў Беларусь трапяць каштоўнасці такога ўзроўню! Рарытэтаў такой значнасці ў нас яшчэ ніколі не было!» — кажа намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце Алесь Суша.

Экспазіцыя абяцае быць сапраўды ўнікальнай — упершыню за ўсю нашу гісторыю ў межах адной выстаўкі ў Беларусь трапяць рарытэты сусветнай значнасці, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў. Іх прывязуць з усяго свету — з музеяў, са шматлікіх прыватных калекцый.

У адным месцы можна будзе пабачыць напісаныя 5-4 тысячы гадоў таму назад клінапісам на гліняных таблічках тэксты з Ура — радзімы Аўраама; арыгінальны рукапіс «бібліі Антычнасці» — «Іліяды» Гамера, унікальныя скруткі з Мёртвага мора (кумранскія рукапісы), якім больш за 2 тысячы гадоў, і якія захавалі нам самыя раннія тэксты большасці кніг Старога Запавету; самыя старажытныя фрагменты Новага Запавету (ІІ—ІІІ стст. н. э.); біблейскія рукапісы на старажытных мовах; першадрукі многіх народаў і краін, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы; арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютэра і Скарыны; амаль усе пераклады Бібліі на беларускую мову; арыгіналы гравюр Альбрэхта Дзюрэра, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў, зробленыя на біблейскія сюжэты…

Выставу адкрыюць 20 верасня.

zviazda.by