Алена Анісім не збіраецца вылучацца ў прэзідэнты
Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч не звяртаўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і Алены Анісім, якія прадстаўляюць апазіцыю, з якімі-небудзь прапановамі аб вылучэнні іх у якасці кандыдатаў на выбарах прэзідэнта, што маюць адбыцца. Пра гэта парламентарыі паведамілі БелаПАН.
На прэс-канферэнцыі 18 верасня ў Менску Гайдукевіч заявіў, што апазіцыі варта выставіць у якасці свайго кандыдата ў прэзідэнты на чарговых выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую або Алену Анісім.
„Яны перамогі сваёй не жадаюць. Стала Канапацкая дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, вазьміце і вылучце яе кандыдатам у прэзідэнты. Усе разам адкіньце свае прэзідэнцкія амбіцыі, тым больш што яна адзіны чалавек, які чагосьці дасягнуў”, — сказаў палітык.
Гайдукевіч не разумее, чаму розныя апазіцыйныя структуры не могуць аб’яднацца вакол Канапацкай. „Як так? Упершыню за столькі гадоў вы атрымалі сваіх дэпутатаў. Можа, Алена Анісім не захоча балатавацца, але разглядайце і яе. Менавіта так бы дзейнічалі палітычныя сілы, якія хочуць рэальна ўдзельнічаць у выбарах і нешта паказаць”, — лічыць ён.
Канапацкая адмовілася каментаваць словы Гайдукевіча. „Да мяне ніхто па гэтым пытанні не звяртаўся”, — адзначыла яна.
„Перш чым рабіць такія заявы, можна было б з намі сустрэцца і пагаварыць, — лічыць Анісім. — Калі казаць сур’ёзна, мяне цікавіць не піяр-эфект, а рэальны вынік. Пакуль я такіх мэтаў і задач (па вылучэнні ў прэзідэнты.) перад сабой не стаўлю”.
Канапацкая з’яўляецца членам нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Анісім — старшынёй грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.