Майстар-клас па самастойнасці



Паміж Сусветным днём маніторынгу вады і Днём нараджэння “Смайліка” – вядомай усім сеціўнай усмешачкі – маем нагоду паразважаць пра праблемы вады… Ці варта ставіцца да іх з усмешкай?

Пачуццё гумару – паратунак у многіх жыццёвых сітуацыях. І ў сітуацыі з адключэннем гарачай вады ў беларускіх гарадах – таксама. Вось чытаем, што ў некаторых жылых дамах, адміністрацыйных будынках і навучальных установах сталіцы 19 і 20 верасня будзе адключаная гарачая вада. Прычына? Нездавальняючы стан трубапровада ды іншага абсталявання. Таму, спадарства, ніякіх трагедый, але рамонт на два дні вам забяспечаны! Пару дзён можна і пацярпець…

Значна больш жыхары сталіцы пакутуюць ад летніх адключэнняў гарачай вады. Днямі дырэктар менскіх камунальных цепласетак спадар Уладзімір Аляксандраў распавёў журналістам, што такая вымушаная практыка будзе адменена… Год праз 7-10. Пакуль трэба цярпець і памятаць: у наш час сталічных жыхароў пазбаўляюць вады ўжо не на месяц, а толькі на два тыдні – прагрэс не стаіць на месцы! Да таго ж, 40 % усіх трубаводаў замененыя на сучасныя папярэдне ізаляваныя. То і ваду адключаем на меншыя тэрміны, і аварый зрабілася менш.

А Еўропа? І мы там будзем калісьці. Дойдзем, пракладзём новыя трубы і навучымся спалучаць газ ды электрычнасць у водазабеспячэнні гарадоў… Прасцей ужо сёння набыць бойлер – і праблема будзе вырашаная. Тым часам вясковыя жыхары могуць даць гараджанам майстар-клас у плане самастойнага жыцця на тэму “Як выбудаваць свой побыт, рацыянальна скарыстаць фінансава-прыродны рэсурс і не чакаць літасці ад чыноўнікаў”. Доўга чакаць прыйдзецца. Жыццё кароткае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ