На будпляцоўцы акумулятарнага завода выяўленыя парушэнні пажарнай бяспекі



На будаўнічай пляцоўцы ў Берасцейскім раёне, дзе ўзводзіцца акумулятарны завод, выяўленыя парушэнні пажарнай бяспекі.

Як паведамляецца на сайце Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС, устаноўлена, у прыватнасці, што на будаўнічай пляцоўцы балоны з гаручым газам захоўваюцца разам з балонамі кіслароду; у месцы захоўвання балонаў з прапанам (жалезным вагончыку) няма падлогавага пакрыцця, якое выключае іскраўтварэнне ў выпадку іх падзення; не арганізаваная падрыхтоўка работнікаў, адказных за забеспячэнне пажарнай бяспекі і арганізацыю правядзення агнявых работ, па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Акрамя таго, выяўлена, што мабільныя і бытавыя будынкі, што ўзводзяцца, не ўкамплектаваныя ў поўным аб’ёме першаснымі сродкамі пажаратушэння; бытавыя і службовыя памяшканні мабільных будынкаў не абсталяваныя спраўнымі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, не арганізаваная работа па замене элементаў сілкавання ў іх.

Кіраўніку аб’екта ўручаныя рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Будаўніцтва акумулятарнага завода вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.  БелаПАН