Нацбанк прыняў рашэнне пакуль не мяняць стаўку рэфінансавання



Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 19 верасня прыняло рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання на ўзроўні 10% гадавых.

Стаўка рэфінансавання была зніжана з 10,5 да 10% гадавых 27 чэрвеня, што стала мінімумам гэтага паказчыка для краіны за апошнія дзесяць гадоў.

Як растлумачылі ў прэс-службе Нацбанка, прымаючы рашэнне захаваць цяперашні памер стаўкі, члены праўлення ўлічвалі прагнозную дынаміку інфляцыі і ўплыў на яе знешніх і ўнутраных фактараў, а таксама неабходнасць падтрымання інфляцыі паблізу ўстаноўленай на 2019—2020 гады мэты ў 5%.

„Развіццё беларускай эканомікі адбываецца ва ўмовах пагаршэння знешняй кан’юнктуры. Важным фактарам гэтага выступае сітуацыя, якая складваецца ў Расіі, перш за ўсё з-за павелічэння гандлёвых абмежаванняў і палітыкі санкцый супраць яе. Назіраецца ўзмацненне адтоку капіталу і істотнае аслабленне расійскага рубля, што стане фактарам паскарэння інфляцыйных працэсаў у Расіі”, — гаворыцца ў каментары.

Як адзначаюць у Нацбанку, павялічылася ступень нявызначанасці ў дачыненні да далейшага развіцця сітуацыі на сусветных фінансавых рынках і геапалітычнай сітуацыі. З-за эскалацыі гандлёвых войнаў існуюць рызыкі запаволення тэмпаў росту эканомік іншых краін — асноўных гандлёвых партнёраў і ўзмацнення ваганняў на фінансавых рынках.

Рэалізацыя знешняй рызыкі можа прывесці да націску на інфляцыю і павысіць інфляцыйныя чаканні ў Беларусі, канстатуюць у Нацбанку.

Інфляцыя ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні ўстаноўленай на 2019—2020 гады мэты. У жніўні 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні склаў 5% і павялічыўся ў параўнанні з папярэднімі месяцамі (4,1% у чэрвені і ліпені 2018 года). Фактарам росту агульнага ўзроўню цэн стала павелічэнне адміністрацыйна рэгуляваных цэн, у тым ліку тарыфаў на паслугі сувязі, рознічных цэн на паліва і тытунёвыя вырабы.

Базавая інфляцыя ў жніўні 2018 года павялічылася да 3,3%, галоўным чынам пад уплывам кан’юнктурных фактараў (рост цэн на мяса птушкі і свініну). Да канца года прагназуецца некаторае яе паскарэнне, звязанае як з захаваннем названых кан’юнктурных фактараў, так і з ростам цэн на імпартаваныя тавары і паслугі пад уплывам пагаршэння знешнеэканамічных умоў.

Па выніках 2018 года інфляцыя чакаецца каля 5,5%, у наступныя гады — паблізу ўстаноўленага мэтавага арыенціру 5%.

Як указваюць у Нацбанку, эканамічная актыўнасць Беларусі запавольваецца пасля высокіх тэмпаў аднаўленчага росту. Спажывецкі попыт пакуль застаецца досыць высокім. У той жа час інтэнсіўнасць росту спажывецкага крэдытавання і рэальных заробкаў запавольваецца.

„Для стрымлівання інфляцыйнага націску з боку знешняга сектара і дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі спатрэбіцца захаванне існых манетарных умоў. У III квартале 2018 года манетарныя ўмовы аказваюць дэзінфляцыйны ўплыў, у першую чаргу за кошт дынамікі рэальнага курсу беларускага рубля. Назапашанае з пачатку 2018 года ўмацаванне беларускага рубля абумовіла нязначнае адхіленне рэальнага курсу беларускага рубля ад сваёй раўнавагі ў бок пераацэненасці. Гэта спрыяе зніжэнню інфляцыйнага націску з боку цэн на імпартныя тавары”, — адзначаецца ў каментары.

Дынаміка працэнтных ставак на грашовым рынку забяспечвае ўмераны рост крэдытавання эканомікі і падтрыманне грашовай прапановы ў запланаваных параметрах. За жнівень 2018 года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў гадавым вымярэнні склаў 10,8%. У цэлым працэнтныя стаўкі не прыводзяць ні да зніжэння, ні да паскарэння інфляцыі.

Як адзначае Нацбанк, у гэтых умовах захаванне стаўкі рэфінансавання на цяперашнім узроўні будзе спрыяць знаходжанню інфляцыі ў найбліжэйшыя гады на ўзроўні 5%.

Далейшыя рашэнні па змене стаўкі рэфінансавання будуць вызначацца прагнозам інфляцыі, а таксама верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйнай рызыкі, якая стрымлівае дасягненне ўстаноўленай мэты.

Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка, на якім будзе разглядацца пытанне аб узроўні стаўкі рэфінансавання, запланаванае на 19 снежня 2018 года.

belapan.by

Фота sb.by