У кастрычніку чакаецца візіт Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу
Напрыканцы кастрычніка чакаецца візіт у Польшчу Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча. Ён прыедзе ў Польшчу з афіцыйным візітам па запрашэнні Маршалка Сената Станіслава Карчэўскага. Як паведаміў саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь Юры Калабухаў, падчас кастрычніцкага візіту запланавана таксама сустрэча з прадстаўнікамі беларускай меншасці на Беласточчыне.
– Пад канец кастрычніка мы плануем такое мерапрыемства – візіт Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Уладзіміравіча Мясніковіча. І тады плануем у больш шырокім складзе сустрэчу з беларускай меншасцю, якая жыве на Падляшшы. Мэта візіту – развіццё міжпарламенцкай супрацы, паглыбленне ўзаемадзеяння з беларускай меншасцю, на што будзе выдзелены амаль дзень у межах гэтага візіту.
Актывізацыя парламенцкіх дачыненняў паміж Польшчай і Беларуссю ўзнавілася пасля таго, як уладу ў Польшчы пераняла “Права і справядлівасць”.
Была створана польска-беларуская парламенцкая група, якую з польскага боку ачольвае Адам Андрушкевіч з беларускага – Андрэй Навумовіч. Маршалак Сенатуа Станіслаў Карчэўскі пабываў з візітам у Беларусі ў снежні 2016 года.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: teleskop-by.org