Пра выбары ў краіне, у якой ідзе вайна



Ветэран украінскай палітыкі Юлія Цімашэнка з білбордаў абяцае новы эканамічны курс. Прадстаўнікі былой “Партыі рэгіёнаў” самі сябе пераконваюць, што іх — большасць. З набліжэннем выбараў заявяць пра сябе яшчэ некалькі цяжкавагавікоў украінскага палітыкума, сярод якіх — экс-міністр абароны Анатоль Грыцэнка, старшыня папулісцкай “Радыкальнай партыі” Алег Ляшко, мэр Львова Андрэй Садовы і іншыя. Ёсць паміж будучых кандыдатаў і даволі нечаканыя фігуры: лідар папулярнага рок-гурта “Океан Эльзи” Святаслаў Вакарчук і комік Уладзімір Зяленскі. Беларусам знаёмае прозвішча яшчэ аднаго прэтэндэнта, былога амбасадара Украіны ў Беларусі, Рамана Бяссмертнага. Сакрэтам палішынеля з’яўляецца жаданне балатавацца ў другі раз цяперашняга кіраўніка Украіны Пятра Парашэнкі. Хоць ён яшчэ пакуль што афіцыйна не заявіў пра свой удзел у выбарах, але гэта справа часу.

Некалькі ўкраінскіх сацыялагічных цэнтраў ужо азнаёмілі грамадства з рэйтынгамі папулярнасці палітыкаў, якія будуць спаборнічаць за галоўную пасаду ў дзяржаве. Цалкам прадказальна ў двойцы лідараў апынуліся былая прэм’ер-міністр і муза Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года Юлія Цімашэнка, а таксама кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка. Абодва, калі верыць дадзеным агульнанацыянальнага апытання, маюць падтрымку ў раёне 10 %. Далей, з невялікім адрывам, ідуць Анатоль Грыцэнка, Святаслаў Вакарчук, Уладзімір Зяленскі і былы рэгіянал Юрый Бойка. За кожнага з іх могуць прагаласаваць па 7% выбарцаў. Электарат фаварытаў прэзідэнцкай гонкі (Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі) – гэта жыхары Цэнтральнай і Заходняй Украіны. За астатніх прэтэндэнтаў больш ахвотна прагаласавалі б выбарцы з усходу і поўдня.

Палітычная кампанія Пятра Парашэнкі грунтуецца на слогане “Армія. Вера. Мова”, як гэта вынікае з надпісаў на рэкламных білбордах. Пятро Парашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі абяцання хуткага вырашэння ваеннага канфлікту на Данбасе. Некалькі тыдняў таму, выступаючы з нагоды Дня дзяржаўнага сцягу, прэзідэнт прызнаўся: “Чатыры гады таму я заявіў, што “АТО” будзе доўжыцца гадзіны, а не месяцы… І я шкадую, што спарадзіў завышаныя чаканні, і я шчыра прашу прабачэння за надзею, якая не здзейснілася”. Нягледзячы на тое, што неабвешчаная вайна на ўсходзе Украіны працягваецца, Парашэнку насамрэч цяжка абвінаваціць у адсутнасці дасягненняў у плане падвышэння абароназдольнасці ягонай дзяржавы. Калі ў пачатку 2014 года ўкраінскую армію цяжка было назваць баяздольнай (паводле ацэнак экспертаў, толькі некалькі тысяч байцоў маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях), то на сёння Украіна мае матываванае і моцнае войска.

Што да пункта “Вера”, то тут Пятру Парашэнку таксама ёсць пра што сказаць. Па сутнасці, імкненне УПЦ Кіеўскага патрыярхату да аўтакефаліі падмацоўваецца шмат у чым палітычнай воляй самога прэзідэнта. Кіраўніка УПЦ КП Філарэта называюць у царкоўных колах увогуле патрыярхам Парашэнкі. Калі Канстанцінопаль дасць згоду на стварэнне аўтакефальнай памеснай царквы ва Украіне, то гэта будзе вялікай удачай палітыка Парашэнкі, які зрабіў усё для дасягнення гэтай мэты.

Выбары-2019 ва Украіне, незалежна ад бягучых рэйтынгаў прэтэндэнтаў, пройдуць па сцэнары супрацьстаяння цяперашняга прэзідэнта і ўмоўна прарасейскага кандыдата, нават калі асноўным супернікам стане нацыяналіст Алег Цягнібок. Па рыторыцы Масквы бачна, што для яе прымальная любая фігура, якая б аслабіла пазіцыі Пятра Парашэнкі. І гэта не дзіўна, паколькі менавіта пры Парашэнку Україна дэманструе эканамічны рост нават ва ўмовах вайны, паслядоўна ажыццявіла некалькі рэформ, дабілася “бязвізу” з ЕЗ. Словам, крок за крокам умацоўвае дзяржаўнасць і заходнюю геапалітычную арыентацыю. А для Крамля няма горшага сцэнару, чым поспех альтэрнатыўнай мадэлі развіцця ў былой постсавецкай рэспубліцы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ