Інстытут Гётэ ў Менску рыхтуецца адзначыць сваё 25-годдзе
У 2019 годзе Інстытут імя Гётэ ў Менску правядзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных свайму 25-годдзю, паведаміў 20 верасня ў Менску журналістам дырэктар інстытута Якаб Рачак.
„У наступным годзе нас чакае два вялікія юбілеі. Першы — 25 гадоў працы нашага інстытута ў Беларусі. Пакуль праграма мерапрыемстваў свята ў сакрэце. Але мы хочам яго святкаваць у Менску і разам з Менскам”, — сказаў Рачак. Ён паведаміў толькі аб двух „вялікіх мерапрыемствах” у пачатку лета і восені наступнага года.
Таксама, расказаў Рачак, адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю Баўхаўс — вышэйшай школы будаўніцтва і мастацкага праектавання. „Гэта адна з самых вядомых архітэктурных школ у свеце. Мала вядома, што існавалі трывалыя сувязі яе з савецкім авангардам. Мы б хацелі зрабіць на гэтым акцэнт, асабліва на сувязях, якія існавалі з Віцебскам, Масквой, Смаленскам і Менскам. У лістападзе 2019 года мы хочам прадставіць выставу, якая пакажа архітэктурную спадчыну Баўхаўса і савецкага мадэрнізму. Таксама яна будзе суправаджацца дыскусіяй аб развіцці сучаснай архітэктуры”, — расказаў Рачак.
Акрамя таго, паводле яго слоў, будзе арганізавана выстава мастацкага калектыву з Берліна „Славяне і татары”. „Гэта вельмі маладая і актыўная група, якая мае вялікую папулярнасць у мастацкім свеце. Яе выставы прайшлі ў Нью-Ёрку, Берліне і на іншых міжнародных біенале. Але ні разу не было персанальнай выставы ва Усходняй Еўропе. У Менску адбудзецца іх прэм’ера — 21 лютага ў галерэі „Ў”, — адзначыў дырэктар інстытута.
Рачак таксама паведаміў, што яго ўстанова мае намер падтрымліваць маладых людзей, якія „спрабуюць ствараць культурныя праекты ў Беларусі”. „У гэтым годзе мы адкрылі мабільную акадэмію, да ўдзелу ў якой запрашаем заснавальнікаў культурных стартапаў, каб яны змаглі павысіць сваю кваліфікацыю і атрымаць адукацыю як у Беларусі, так і ў Германіі. Гэты праект называецца Creator cluster і пачне рэалізоўвацца ў лістападзе гэтага года. Мы рады падтрымаць праекты не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Праект будзе доўжыцца чатыры-пяць гадоў”, — сказаў на заканчэнне кіраўнік інстытута.
belapan.by