Лукашэнка: Беларусь і Расея змогуць да канца года вырашыць праблемы ў адносінах



На перамовах з Уладзімірам Пуціным у Сочы 21 верасня Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што Беларусь і Расея змогуць вырашыць усе наяўныя ў іх адносінах праблемы да канца гэтага года.

„Я ўпэўнены, што мы да канца года ну практычна ўсе пытанні развяжам. Яны не такія складаныя, хоць з фінансавага пункту гледжання некаторыя цяжкія, паколькі ўвязаныя вялікія фінансавыя патокі”, — цытуе Лукашэнку ТАСС.

Паводле яго слоў, беларускі бок дакладна выконвае свае дамоўленасці і абавязацельствы. „Павінен сказаць вам, што як беларусы, так і расіяне, урады вельмі сур’ёзна папрацавалі [пасля сустрэчы лідараў 22 жніўня ў Сочы]”, — сказаў Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што, паводле слоў прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, ёсць „цікавыя выхады” на рашэнні многіх пытанняў”.

Як адзначыў беларускі кіраўнік, бакі ўжо прайшлі вялікі шлях насустрач адзін аднаму ў вырашэнні праблем у галіне сельскай гаспадаркі і нафтагазавай сферы. „Праблем асаблівых у пытаннях я не бачу, я думаю, што проста трэба прымаць рашэнні”, — падкрэсліў ён.

Пуцін у пачатку сустрэчы прапанаваў абмеркаваць з улікам змен, што адбыліся ў беларускім урадзе, пытанні ў галіне сельскай гаспадаркі і энергетыкі, якія застаюцца спрэчнымі. Ён нагадаў, што на папярэдняй сустрэчы [22 жніўня ў Сочы] яны з Лукашэнкам дамовіліся сустрэцца ў больш шырокім складзе. „Тым больш што ва ўрадзе Беларусі адбыліся істотныя змены, нам трэба зверыць гадзіннікі па некаторых пытаннях, некаторыя пытанні даўрэгуляваць”, — дадаў Пуцін.

„Зусім нядаўна ўзнікала шмат спрэчак у галіне сельскай гаспадаркі, па энергетычных пытаннях нам трэба некаторыя кропкі над i паставіць”, — сказаў ён.

У сённяшніх перамовах з расійскага боку бяруць удзел прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў, першы віцэ-прэм’ер — міністр фінансаў Антон Сілуанаў, віцэ-прэм’еры Аляксей Гардзееў і Дзмітрый Казак, а таксама пасол РФ у Беларусі, спецпрадстаўнік прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносін з Беларуссю Міхаіл Бабіч, з беларускага — кіраўнік урада Сяргей Румас, віцэ-прэм’еры Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, паведамляе ТАСС.

Белапан

Фота: БелТА