Вялікаму беларусу – 100 гадоў



21 верасня вялікаму беларускаму вучонаму-першапраходцу, які напісаў каля 250 прац па фразеалогіі і фразеаграфіі, лексікалогіі і лексікаграфіі, параміяграфіі, гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фанетыцы і арфаэпіі, культуры мовы, доктару філалагічных навук, прафесару, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі Фёдару Янкоўскаму (1918-1989) спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

За гады сваёй працы Фёдар Янкоўскі вельмі многа зрабіў для развіцця беларускай лінгвістыкі і нацыянальнай гуманітарнай адукацыі. Сведчаннем таму –  яго ўнікальныя наватарскія слоўнікі (“Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі”, 1957; “Дыялектны слоўнік”, 1959, 1960, 1970; “Крылатыя словы і афарызмы”, 1960; “Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, 1962; “Беларуская фразеалогія: фразеалагізмы, іх значэнне і ўжыванне”, 1968), арыгінальныя манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі (“Пытанні культуры мовы”, 1961; “Роднае слова”, 1967; “Беларускія народныя параўнанні”, 1973; “Гістарычная граматыка беларускай мовы”, 1974, 1977 і інш.), а таксама шматлікія артыкулы.

Пра “Беларускую фразеалогію” Фёдара Янкоўскага нямецкі вучоны-славіст Карл Гутшміт сказаў, што гэтая праца – “адзіная ў сваім родзе ў славістыцы”, і што гэта “узор лінгвістычнага даследавання на самым высокім тэарэтычным узроўні”.

Багацце роднай мовы, паказанае Фёдарам Янкоўскім, ашаломвае і сёння не толькі тых, хто пачынае цікавіцца сваёй мовай, а нават людзей, што лічаць сябе падкаванымі ў беларускай філалогіі.

Фёдар Янкоўскі выступаў у друку і з мастацкімі творамі, пераважна так званымі “абразкамі” – нарысамі, невялікімі па форме, але глыбокімі па змесце, з непаўторнай каларытнай мовай. Кнігі “Абразкі” (1975), “Прыпыніся на часіну” (1978), “І за гарою пакланюся” (1982), “Радасць і боль” (1984) і іншыя прынеслі вядомасць Янкоўскаму-пісьменніку не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Не абыходзіў Фёдар Янкоўскі і грамадскай працы: ён з’яўляўся членам Беларускага камітэта славістаў, Тэрміналагічнай камісіі пры выдавецтве і рэдакцыі Беларускай энцыклапедыі, рэдакцыйнага савета выдавецтва “Народная асвета”, праўлення беларускага таварыства савецка-індыйскага сяброўства, грамадскага савета беларускага тэлебачання, рэдкалегіі навуковых міжведамасных лінгвістычных зборнікаў і шмат-шмат яшчэ. Вось такі вялікі беларус Фёдар Янкоўскі жыў сярод нас у ХХ стагоддзі.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя