Ператрус у гарадзенскага актывіста Анатоля Мышкевіча
У гарадзенскага грамадскага актывіста, кіраўніка грамадскай ініцыятывы “Гародня” Анатоля Мышкевіча дома адбыўся ператрус. Міліцыянты прыйшлі да палітыка дахаты, калі яго не было дома.
Кажа Анатоль Мышкевіч:
– Калі я прыехаў дадому, вобшук ужо заканчваўся. Канфіскавалі планшэт. Панятыя распісаліся. Паглядзеў пастанаўленне на вобшук. Копіі мне не далі. Не далі і магчымасці сфатаграфаваць. У пастанаўленні было напісана, што ператрус праводзіцца ў сувязі з тым, што 16 верасня у горадзе на Савецкай вуліцы быў размешчаны плакат, на якім былі здымкі зніклых беларускіх палітыкаў. І што я раздаваў людзям улёткі.
Анатоль Мышкевіч не падпісаваў ніякіх папераў і будзе чакаць рашэння суда:
– Даваць паказанні я адмовіўся. Буду чакаць рашэння суда.
Акцыя “Мы памятаем” адбылася ў Гародні 16 верасня, калі на цэнтральнай вуліцы горада – Савецкай з’явіўся плакат са здымкамі зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага.
Беларускае Радыё Рацыя