Лукашэнка расказаў, пра што дамовіўся з Пуціным
Беларуска-расейскія перамовы 21 верасня ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 верасня на нарадзе з членамі ўрада ў Менску.
„Асноўная частка перамоў была сам-насам з прэзідэнтам (Расіі). Перамовы доўжыліся шэсць гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы. Але выніковыя”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
У фармаце сам-насам абмяркоўваліся палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў межах ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. „Канкрэтныя пытанні ў нас, вядомыя пытанні, па АДКБ, перш за ўсё, старшынства ў АДКБ і развіцця гэтай арганізацыі. Шмат увагі мы надалі балючым пытанням у межах СНД, якія датычаць нашых абедзвюх дзяржаў. Перш за ўсё — Украіна. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог”, — распавёў Лукашэнка.
„Думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень (на саміце СНД). Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў”, — дадаў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь і Расія дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі.
„Нямала ўвагі надалі (на перамовах у Сочы 21 верасня) пытанню развіцця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію. Тут ёсць поўнае разуменне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь і Расія выпрацавалі два варыянты вырашэння пытанняў з „парамытнёўкай” і пастаўкай цёмных нафтапрадуктаў.
„Самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, было звязанае з вяртаннем грашовых сродкаў ад „перамытнёўкі” сырой нафты ў беларускі бюджэт. А таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуту, які купляўся нашымі кампаніямі ў расійскіх, перапрацоўваўся, а нафтапрадукты рэалізоўваліся на беларускім і замежных рынках”, — адзначыў беларускі кіраўнік.
„Гэта няпростае, складанае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ (на палях саміту СНД, які мае адбыцца) канчаткова ўзгоднім рашэнне гэтага пытання”, — заявіў Лукашэнка.
„Але фактычна яно вырашанае. Трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёння мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі з Расіяй”, — дадаў Лукашэнка.
Як паведамлялася, урады дзвюх краін вядуць перагаворы аб умовах гандлю нафтай і нафтапрадуктамі. Паводле інфармацыі БелаПАН, якая пацверджана дакументальна, па ініцыятыве расійскага боку ўжо падрыхтаванае рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года РФ абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў Беларусі.
Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расійскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Як паведамляла ў жніўні агенцтва Reuters са спасылкай на дакументальныя крыніцы, Расія плануе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у сувязі з тым, што падазрае яе ў рээкспарце.
Кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў 3 верасня, што пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь эканамічна немэтазгодныя. У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка, каментуючы заяву расійскага міністра, падкрэсліў, што беларускі бок настойвае на захаванні паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь.
Фота Sputnik Беларусь