Лукашэнка даручыў „страсянуць” усю сістэму спажыўкааперацыі



На сустрэчы са старшынёй праўлення Белкаапсаюза Валерыем Івановым 24 верасня Аляксандр Лукашэнка даручыў „страсянуць” усю сістэму спажыўкааперацыі.

„Мною прынятае рашэнне падрыхтавацца па выніках гэтага года і ў лютым правесці сур`ёзную нараду на самым высокім узроўні па сітуацыі ў спажывецкай кааперацыі. Таму справаздачы ў вас сёння быць не павінна. Калі ў вас ёсць нейкія пытанні, якія трэба вырашаць цяпер, я гатовы на іх адказваць, дапамагаць, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба. — Па-першае, трэба страсянуць усю сістэму. Я не настолькі пагружаны ў вашу працу, каб даваць ацэнкі. Але Камітэт дзяржкантролю, іншыя паглядзелі, што робіцца ў нас у спажывецкай кааперацыі. І інфармацыя больш негатыўнага плана, чым станоўчага”.

„У мяне няма падставаў не давяраць тым, хто правяраў гэта, спецыялісты былі. Не хачу занадта перабольшваць інфармацыю, яе аб`ектыўнасць і дакладнасць асабліва. Да гэтага пытання яшчэ вернемся. Тая праверка, якую прайшла спажыўкааперацыя, будзе асновай для таго, каб па выніках года, вывучыўшы працу спажывецкай кааперацыі, раз і назаўжды вызначыцца з яе месцам і роляй у сучасных умовах”, — заявіў Лукашэнка.

„Мы ўвесь час, з пункту гледжання спажыўкааперацыі, ваюем за месца пад сонцам, у той час як наступаюць прыватныя гандлёвыя арганізацыі: „Еўраопт”, „Карона” і іншыя (іх жа цяпер шмат — добрых арганізацый гэтых, прыватных, мабільных), якія ўжо ідуць на тваё поле дзейнасці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны ўжо ідуць у вёску, раней не вельмі імкнуліся. Усе жадалі ў гарады, дзе больш насельніцтва. Сёння яны ўжо пайшлі і ў вёску, тым больш я даручаў Тапузідзісу (прадпрымальнік, уладальнік сеткі „Карона” Павел Тапузідзіс. — БелаПАН.), каб на прыкладзе Шклоўскага раёна, які я добра ведаю, зрабіў гэтую сістэму. Пройдзе час, ты мне скажаш, як ён робіць зараз, паглядзім, як ён зрабіў, і можа, гэта будзе нядрэнны варыянт, які трэба будзе спажыўкааперацыі паўтарыць у іншых раёнах”.

Лукашэнка лічыць, што спажыўкааперацыі варта надаць павышаную ўвагу менавіта працы з насельніцтвам, асабліва ў частцы закупкі лішкаў плодаагародніннай прадукцыі. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на высокі ўраджай яблыкаў у краіне. „Яблыні ломяцца ў садах ў сялян. Такога ўраджаю не было, і не кожны можа захаваць гэты ўраджай або дзесьці прадаць. Ёсць шмат людзей, больш за палову, якія справіцца з вывазам свайго ўраджаю і продажам на рынках не змогуць. У іх трэба купіць гэтую прадукцыю проста на месцы, — запатрабаваў афіцыйны лідар. — Але, вядома, і заплаціць трэба. Мяне інфармуюць, што „ніякая” цана, і таму сяляне не хочуць прадаваць”.

Беларускі кіраўнік таксама даручыў звярнуць увагу на штатную колькасць арганізацый Белкаапсаюза. „Вы павінны быць канкурэнтаздольнымі. Калі гэтага не будзе, які сэнс нам штучна трымаць нейкую арганізацыю? Ці, дакладней сказаць, навошта гэтай арганізацыі нейкія функцыі, з якімі яна не спраўляецца?” — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён як раней, так і цяпер выступае за захаванне спажыўкааперацыі. „Надышоў час паглядзець на яе расплюшчанымі вачыма. Выразна вызначыцца: што нам трэба ў спажыўкааперацыі, а што — не, і якой ёй быць наогул у будучыні. У лютым мы павінны прыняць рашэнне”, — сказаў ён.

Кіраўнік Белкаапсаюза праінфармаваў, што даручэнні Лукашэнкі, якія былі дадзеныя раней, „у абсалютнай большасці выкананыя”. „Рашэнні па наяўных праблемных момантах знаходзяцца ў працы, а спажыўкааперацыя ў цэлым даволі паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яе функцыямі”, — запэўніў Іваноў.

belapan.by