Паставы запрашаюць на рэканструкцыю бою Першай сусветнай вайны



Калі Вы цікавіцеся ваеннай гісторыяй і ваенна-гістарычнымі рэканструкцыямі і хочаце перанесціся ў пачатак ХХ стагоддзя, самы час у апошнюю нядзелю верасня (30.09.2018г.) наведаць г. Паставы Віцебскай вобласці.

Тут пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны. Чаму менавіта ў Паставах? Таму што тут з 1915 па 1918 гады праходзіла лінія фронту, ёсць выдатная музейная экспазіцыя “Першая сусветная вайна на Пастаўшчыне”, захаваліся фартыфікацыйныя збудаванні і ўчастак лініі фронту, а самае галоўнае: ёсць неабыякавыя людзі, якія аб’ядналі вакол сябе вялікую колькасць аднадумцаў з усёй Беларусі, для якіх захаванне гістарычнай памяці – справа гонару.

Арганізатары мерапрыемстваў: Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт, Пастаўскі раённы краязнаўчы музей, валанцёрскі рух “Заходні рубеж”, Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, Дабрачынны культурна-гiстарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны “Крокі”, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры – робяць усё магчымае, каб памяць аб тых трагічных падзеях, аб подзвігу воінаў не адышла ў нябыт. Усім вядома, “калі пра вайну забываюцца, то пачынаецца новая, а памяць – галоўны вораг вайны”.

Вам застаецца толькі 30 верасня:

прыйсці ў музей з 10.00. да 11.30 (вул.Савецкая, 73) на адкрыццё выставы калекцыянераў С.Мамошкіна, В.Варанца і Д.Антоновіча “Рэха Вялікай вайны”, прэзентацыю карціны У. Сайко “Сібірскія стралкі” і наведаць музейную экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне;

у 11.30. – 13.00 на гарадскіх могілках аддаць даніну павагі загінулым салдатам Рускай імператарскай арміі, парэшткі 106-ці якіх знойдзены падчас палявых пошукавых работ, праведзеных 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у маі – ліпені 2018 года ў Пастаўскім раёне;

у 14.00-16.00 паблізу возера Задзеўскае і вескі Дукі (на ўскраіне Пастаў) на адноўленым участку лініі фронту пагрузіцца ў гісторыю; тут будзе праходзіць ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою пры ўдзеле рэканструктараў з Беларусі і Расеі.

Уваход на мерапрыемствы бясплатны.

westki.info