Кандыдаты Бельскай кааліцыі
Кандыдатам ад Бельскай кааліцыі ў Соймік Падляшскага ваяводзтва ідзе цяперашні старшыня гарадской рады Бельска-Падляшскага Ігар Лукашук.
Ён стартуе са спісу Грамадзянскай кааліцыі па рэкамендацыі Бельскай кааліцыі.
— Спадзяюся, што ў наступнай кадэнцыі на удасца паўплываць на тое, каб інвестыцыі ў нашы дарогі нацыянальныя, што ідуць праз Бельск і Сямятычы, а таксама і праз іншыя рэгіёны: Гайнаўку, Гарадок і Міхалова, якія таксама звязаныя з нашай акругай, пачнуць рэалізавацца, і ў далейшай перспектыве таксама будуць уплываць на развіццё рэгіёну.
Бельская кааліцыя падрыхтавала спісы сваіх кандыдатаў ў гарадскую і павятовую раду. Сярод іншых тут стваральнікі Бельскай кааліцыі: цяперашні віцэ-стараста Пётр Божко і шматгадовы радны павету Васіль Ляшчынскі, раней дырэктар бельскай тройкі.
— Для нас важна падтрымаць нашу тоеснасць, бо мы ўпэўненыя, што за нас ніхто гэтага не зробіць. У нашым спісе людзі, вядомыя ў Бельску-Падляшскім і яны заслужаныя не толькі для горада, але і для меншасці. Гэта вельмі важна. Бо калі не мы, дык хто? Каму мы аддамо ўладу?
Кандыдатам бельскай кааліцыі на войта гміны Орля стаў ранейшы войт Пётр Сэльвэсюк. Выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы прызначаныя на 21 кастрычніка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя