Лукашэнка: Мы не робім выбару паміж Усходам і Захадам



Беларусь імкнецца выбудоўваць з усімі партнёрамі раўнапраўныя дачыненні, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 верасня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

„Мы не робім выбару паміж Усходам і Захадам, імкнемся выбудоўваць з усімі партнёрамі без выключэнняў раўнапраўныя палітычныя і ўзаемавыгадныя эканамічныя адносіны. Нацэлены на дыялог без націску і прымусу, падвойных стандартаў і ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Аргенціны, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Індыі, Іарданіі, Ірака, Мексікі, Панамы, Партугаліі, Расеі, Саудаўскай Аравіі, Судана.

Паводле звестак прэс-службы, Лукашэнка „прывітаў паслоў на гасціннай беларускай зямлі, павіншаваў іх з пачаткам новага этапу ў дыпламатычнай кар’еры і першым афіцыйным рабочым днём у статусе кіраўнікоў місій у Рэспубліцы Беларусь”. „Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая шануе свой суверэнітэт і паслядоўна рэалізуе міралюбную шматвектарную знешнюю палітыку. Нашы падыходы добра вядомыя. Беларусы адданыя свабодзе і незалежнасці, адзінству і згодзе, стварэнню і прагрэсу”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь, як перакананы праціўнік канфрантацыі і донар бяспекі ў рэгіёне, выступае за вырашэнне канфліктаў выключна мірным шляхам і настойліва працуе над пашырэннем кола аднадумцаў.

„Толькі аб’яднаўшы намаганні ў гэтым кірунку, можна забяспечыць нармальнае, камфортнае суіснаванне дзяржаў і доўгачаканы спакой, — сказаў Лукашэнка. — Менавіта гэтай логікай мы кіраваліся, калі прапанавалі пачаць новую шырокую дыскусію па праблеме еўрапейскай і міжнароднай бяспекі. Яна, па аналогіі з Хельсінкскім працэсам, закліканая садзейнічаць вырашэнню назапашаных супярэчнасцяў паміж дзяржавамі на шырокай прасторы Еўра-Атлантыкі і Еўразіі”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў галіне эканамічных рэформаў Беларусь абрала шлях эвалюцыйных рынкавых пераўтварэнняў, які выключае балючыя шокі для людзей. „Дзякуючы сістэмным мерам па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, ліквідацыі залішніх бар’ераў і абмежаванняў удасканальваюцца ўмовы вядзення бізнесу і самарэалізацыі грамадзян. Пры гэтым рынкавы пачатак у эканоміцы спалучаецца ў Беларусі з сацыяльна адказнай палітыкай. Значныя намаганні накіроўваюцца на забеспячэнне занятасці насельніцтва, даступнасці адукацыі, аховы здароўя, сацыяльных гарантый, на павышэнне іх ўзроўню”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

„У цэнтры ўвагі дзяржавы — чалавек з яго запытамі, патрэбамі, трывогамі і надзеямі. Мы ганарымся тым, што ў Беларусі ўлада не адарваная ад народа. Не сумняваюся, што ў перыяд вашай кадэнцыі вы ўбачыце нямала прыкладаў, якія пацвярджаюць мае словы”, — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь гатова дзяліцца вопытам пераўтварэнняў у эканамічнай і іншых сферах, адкрыта для запазычання лепшых замежных напрацовак. „Беларусь заўсёды будзе для вас адказным, прадказальным і надзейным партнёрам”, — запэўніў Лукашэнка дыпламатаў.

БелаПАН

Фота БелТА