Зарплата бюджэтнікаў у жніўні знізілася на 2,8%



У бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—жніўні 2018 года склала 715,8 рубля, у жніўні — 720,5, што на 20,5 рубля, або на 2,8% менш, чым у ліпені, вынікае з даных афіцыйнай статыстыкі.

Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—жніўні 2018 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года павялічылася на 15,3%, у жніўні 2018 года ў параўнанні з ліпенем паменшылася на 2,9%.

Для параўнання: намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый (без мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) ў студзені—жніўні 2018 года склала 928,1 рубля, у тым ліку ў жніўні — 987,5 рубля, што на 13,7 рубля, або на 1,4% больш, чым у ліпені.

Падчас рабочай паездкі ў Слуцкі раён 16 лютага Аляксандр Лукашэнка ўказаў на нізкія заробкі настаўнікаў, работнікаў дзіцячых садкоў і малодшага медперсаналу, хоць, па яго словах, „праца ў іх каласальная”. „І ў культуры, сацыяльным забеспячэнні… Паціху іх трэба падцягваць вышэй, і за кошт іх у гэтым годзе мы павінны перавысіць адну тысячу рублёў заработнай платы. Вядома, зарплата будзе расці і ў высокааплатнага, і ў сярэдняга звяна, але мой кантроль — за гэтым пластом насельніцтва, які атрымлівае нізкую зарплату”, — заявіў афіцыйны лідар.

Як адзначыў 31 жніўня прэм’ер-міністр Сяргей Румас, дакумент аб павышэнні зарплаты ў бюджэтнай сферы быў распрацаваны яшчэ папярэднім складам урада ў мэтах выканання даручэнняў Лукашэнкі, якія ён даў пры наведванні прадпрыемстваў Слуцкага раёна. Згодна з пастановай, з 1 верасня аклады работнікаў адукацыі і аховы здароўя павышаюцца ў межах 20—100%. З 1 кастрычніка гэтага года павялічваецца тарыфная стаўка першага разраду — з 34 да 35,5 рубля.

„Усе гэтыя меры, па нашых разліках, дазволяць ужо ў чацвёртым квартале выйсці на мэтавую задачу — забяспечыць сярэднюю зарплату па бюджэтнай сферы ў памеры 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. Арыенціровачна, у снежні гэтага года сярэдняя зарплата бюджэтнікаў складзе 850 рублёў, — адзначыў кіраўнік урада. — Прынятыя меры з’яўляюцца першым крокам па выкананні задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы па павелічэнні заработнай платы настаўнікаў і ўрачоў да 2025 года ў два разы”.

belapan.by