Справы 1989-91 г. Гарбачоўская перабудова, КГБ і беларускі “самвыдат”
Цяпер ужо далёка не ўсе ведаюць, што азначае слова “самвыдат”. Інтэрнэт дае мажлівасць кожнаму данесці свае тэксты да кожнага.
Да з’яўлення Сеціва, калі друкаванае слова распаўсюджвалася выключна на паперы, усе тэксты ў СССР абавязкова цэнзураваліся. Але звычайная друкарка ў спалучэнні з капіравальнымі машынамі “РЭМ” і “Эра”, савецкімі аналагамі ксэраксаў, дазвалялі саматужкі выдаваць газеты, часопісы і нават кнігі. Самвыдатаўскія тэксты былі самымі рознымі – ад зборнікаў блатных песень і да бюлетэняў нацыяналістычнага падполля. Пяты Глауўпр КГБ, які акурат і займаўся ідэалогіяй, змагаўся з тым самвыдатам самымі рознымі спосабамі: ад “падставаў” і да турэмных тэрмінаў – асабліва ў тых выпадках, калі самвыдат быў завязаны на Захад і станавіўся “тамвыдатам”.
Напрыканцы васьмідзесятых слаёную зубчатку апарата КГБ выкрышылі “перабудова” з “галоснасцю”, і за самвыдат ужо не сажалі – хіба што абыходзіліся “прафілактаваннем”. Але самвыдат тымі камітэтчыкамі дбайна назапашваўся і аналізаваўся…
* * *
Звычайна самвыд трапляў у КГБ двума спосабамі: праз завербаваную сярод дысідэнтаў агентуру і пры канфіскацыях падчас ператрусаў. Якім чынам у фонды былога КГБ УССР патрапілі самвыдатаўскія беларускія газеты, невядома.
У кагэбэшных справаздачах канца васьмідзесятых беларускі самвыдат праходзіць пад грыфам “нацыяналістычны”, а аўтары пазначаныя, як “дэструктыўныя сілы” і “антыграмадскія элементы”.
Чытаючы артыкулы трыццацігадовай даўніны, міжволі адчуваеш, што з тых часоў мало што змянілася…
ГОЛАС БЕЛАРУСА
красавік 1989 г.
Грамадска-культурнае выданне таварыства культурны “Світанак” места Рыга
(…)
“Раніца” ці “Утро”
У Рызе дзейнічае так званы беларускі цэнтр “Раніца” – беларуская секцыя пры балта-славянскім таварыстве. Чаму “Цэнтр”? Можа так, што гэта нейкі пуп беларускай культуры і мовы ў Латвіі?
Калі не шкада часу прысутнічаць на сходах гэтай “Раніцы” (“Утро”), ствараецца ўражанне, што члены “Утра” лічаць Беларусь вобласцю Расіі, а беларускую мову – нейкім расейскім акцэнтам. З такім поспехам можна ўтварыць Валагодскі Культурны Цэнтр, Разанскі і г. д. Цікава, ці ёсць у “Утре” хаця б 5 чалавек, якія валодаюць беларускай мовай і не саромеюцца не ёй гаманіць? І якія да адносіны ў астатніх членаў, якія шануюць беларускую культуру толькі тады, калі яны ім прапаноўваюць па-расейску, як да нацыяналістаў ці як да людзей, страціўшых розум?
(…)
Газета “РЭАНІМОВА З-ПАД НЁМАНА”, 1989, № 2.
Якраз выдалася нагода ўзяць інтэрв’ю ў беларускага пісьменьніка Сакрата Яновіча зь Беластока.
— Ці не перабольшваем мы, ужыўшы тэрмін “рэанімова” адносна беларускай мовы?
— Мэдычны тэрмін “рэанімацыя” надта дарэчы тут. Інфарктная сітуацыя, у якой апынулася беларуская мова – у сэнсе яе грамадзскага значэньня перш-наперш – падказвае і катэгарычнасьць сродкаў: стаўкаю ёсьць жыцьцё. Хвіля-другая марудлівасьці – і яно можа згаснуць назаўсёды.
Беларушчыну не выратуе ідэалогія “матчынай мовы”, “роднай мовы”. Людзі сэнтыментальна плачуць і бязьлітасна падлічваюць грошы, чытай: жыцьцёвыя шанцы. У бяздзьяржаўі мову ўтрымлівае цемната ўсеагульная або высокі гонар. Трэцяе выйсьце – гімалайская ізаляванасьць.
Ва ўмовах сапраўды нацыянальнай дзяржаўнасьці ўсе гэтыя разважанні не маюць сэнсу (матэрыял у тэатр абсурду)
(…)
Частотны аналіз беларускага самвыдата канца васьмідзесятых дае надзіва пазнавальныя вынікі. Найчасцей ужываюцца словы і словазлучэнні “беларуская мова”, “гісторыя Беларусі”, “русіфікацыя”, “Чарнобыльская трагедыя”, “Курапаты”.
Тым часам Савецкі Саюз аганізаваў, што вызнавалі нават на ўзроўні Крамля.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
ЦК КПСС
15 апреля 1991 г.
«О некоторых мерах по стабилизации общественно-политической ситуации в стране»
В связи с повышением цен в стране резко обострилась общественно-политическая обстановка. К бастующим шахтерам присоединились коллективы в других отраслях и республиках. Весьма непростая ситуация сложилась в Белорусской ССР.
Если еще месяц назад в большинстве трудовых коллективов отношение к шахтерским забастовкам было сдержанным, то в последние дни поддержка их действий повсеместно усилилась. На примере событий в Белоруссии видно, что экономические требования, выдвигаемые трудящимися под воздействием оппозиционных сил перерастают в политические, связанные прежде всего с выражением недоверия центральным органам власти и КПСС
(…)
Недзе з другой паловы 1989 года газеты кшталту “Беларускай трыбуны” ці “Свабоды” ужо перасталі быць “самвыдатаўскімі” – яны амаль вольна распаўсюджваліся ў Менску на мітынгах, шэсцях і вечарынах. Але ж флёр “дысідэнцтва” усё яшчэ заставаўся – асабліва ў правінцыі. У Менску нават пачалі рабіць неблагі бізнэс на самвыдаце: тую ж “Беларускую трыбуну” завозілі ў райцэнтры, дзе перапрадавалі па коштах, утрая вышэйшых за менскія. Найбольшым попытам, аднак, карысталіся не выданні нацыянальнай скіраванасці, а газеты кшталту “Свецкія ведемасці”, з плёткамі пра асабістае жыццё Раісы Гарбачовай ці Галіны Брэжневай. Але і гэтыя суадносна бяскрыўдныя таблоіды асядалі ў сховішчах Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі.
Нашто гэта рабілася?
Безумоўна, гэбісты свята верылі ў вяртанне калі не берыеўскіх, то хаця б андропаўскіх часоў і спадзяваліся, што аўтараў і выдаўцоў непадкантрольных дзяржаве газет можна будзе пакараць па-паўніцы.
* * *
У наступнай перадачы мы пагаворым пра непаўналетніх “ворагаў народа”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 1, вопіс 1, справа 5, адзінка захавання 216