Шэсць чалавек пацярпелі ад выбуху на прадпрыемстве „Магілёўдрэў”
Шэсць чалавек пацярпелі ў выніку выбуху ў фарбавальнай камеры мэблевага цэха прадпрыемства „Магілёўдрэў”. Загінулых няма. Здарэнне адбылося каля 19 гадзін 25 верасня.
Пацярпелыя з апёкамі і траўмамі шпіталізаваны: трое — у бальніцу хуткай дапамогі, трое — у бальніцу № 1 (лаўсанаўскую), паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік абласнога МНС Вадзім Урублеўскі.
Паводле яго слоў, узгарання пры выбуху не было. На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі Следчага камітэта.
Паводле слоў работнікаў прадпрыемства, з якімі пагутарыў карэспандэнт БелаПАН, пасля выбуху на заводзе была адключана электраэнергія і прыпынены вытворчы працэс. Зараз святло ў некаторых цэхах з’явілася.
На прахадную вынеслі рэчы пацярпелай жанчыны — іх павінны забраць сваякі.
25 кастрычніка 2010 года выбух адбыўся на заводзе „Пінскдрэў”, у цэху па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт. У выніку выбуху і пажару загінулі 14 чалавек.
БелаПАН