Лябедзька: У маіх планах няма пунктаў аб старшынстве ў АГП
У былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў планах на найбліжэйшыя два гады няма пунктаў аб новым старшынстве ў арганізацыі і ўдзеле ў выбарчых кампаніях. Пра гэта палітык заявіў 26 верасня ў каментары БелаПАН.
Лябедзька ўзначальваў АГП з 2000 года па 8 ліпеня 2018 года, калі на чарговым з’ездзе партыі ўзяў самаадвод. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў жаданнем адысці ад прыняцця палітычных рашэнняў у арганізацыі. Новым старшынёй АГП быў абраны Васіль Палякоў. Аднак 23 верасня на пасяджэнні палітсавета ён склаў свае паўнамоцтвы, заявіўшы пра тое, што не ў поўнай меры ўяўляў сабе наяўныя ў партыі праблемы і тыя новыя выклікі, якія стаяць перад партыяй і перад ім як старшынёй. Выконвае абавязкі старшыні АГП цяпер Мікалай Казлоў.
Лябедзька паведаміў, што ў найбліжэйшай будучыні будзе дапамагаць сваім вопытам і кантактамі АГП. Аднак, адзначыў ён, асноўная яго дзейнасць будзе звязаная з арганізацыяй некалькіх канферэнцый, якія плануе у 2019 годзе правесці ўзначальваная ім ўстанова „Цэнтр сацыяльна-эканамічных, гістарычных, культурных даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”.
„У наступным годзе плануецца правядзенне трох вялікіх мерапрыемстваў у выглядзе канферэнцый.” Еўрапейскі дыялог „паспрабуе стварыць дыскусійную пляцоўку па абмеркаванні пытанняў, якія важныя для Беларусі і на якіх будзе прадстаўленае меркаванне не з калідораў улады”, — сказаў Лябедзька.
У прыватнасці, у сакавіку плануецца правядзенне канферэнцыі па пытаннях беларуска-расійскіх адносін, у чэрвені — па пытаннях эканомікі, восенню 2019 года — па пытаннях абароны.
Таксама „Еўрапейскі дыялог” плануе праводзіць навучальныя трэнінгі ў невялікіх гарадах. „Сітуацыя такая, што ёсць раённыя цэнтры, дзе няма аддзяленняў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Але там жывуць грамадзяне, якія сутыкаюцца з праблемамі, але не ведаюць, куды з імі ісці і ў якія дзверы стукацца”, — сказаў ён.
У планах у Лябедзькі значыцца і напісанне кнігі. „Пакуль працую з архівамі. Працоўная назва кнігі — „Апошні парламент краіны”. Думаю, перад будучымі прэзідэнцкімі кампаніямі было б важна распавесці, як роспуск Вярхоўнага савета паўплываў на жыццё кожнага чалавека ў Беларусі”, — заявіў ён.
Лябедзька з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага савета 12-га і 13-га скліканняў. 24 лістапада 1996 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі стварэнне двухпалатнага Нацыянальнага сходу, што складаецца з Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Лябедзька ў склад Палаты прадстаўнікоў не ўвайшоў.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі не пазней за 30 жніўня 2020 года, парламенцкія — не пазней за 10 верасня 2020 года.
Фота: Ридус