Жыхарка Слаўгарада абвясціла галадоўку



Жыхарка Слаўгарада, інвалід 1-й групы Анжаліка Калатазішвілі 26 верасня абвясціла галадоўку каля магілёўскай турмы №4, патрабуючы спаткання з мужам, які знаходзіцца пад следствам у СІЗА.

Як сказала журналістам жанчына, звярнуцца да акцыі пратэсту яе прымусіла сітуацыя, якую яна характарызуе як бязмежжа і помста з боку ўлад за адстойванне сваіх правоў. Анжаліка Калатазішвілі паведаміла, што стала інвалідам з-за няправільнага лячэння ў 2014 годзе, якое аказвалі ёй урачы, памылкова палічыўшы яе анкахворай. Жанчына стала дамагацца кампенсацыі, што і выклікала, як яна лічыць, негатыўнае стаўленне як да яе, так і да яе мужа, грамадзяніна Грузіі, які мае від на жыхарства ў Беларусі.

Са слоў жанчыны, у ліпені Кахабера Калатазішвілі затрымалі па падазрэнні ва ўжыванні наркотыкаў, а затым паспрабавалі абвінаваціць у педафіліі. Усё гэта, а таксама спадарожныя дзеянні следства, якія Анжаліка Калатазішвілі расцэньвае як неправамерныя і незаконныя, і прывялі яе да думкі аб неабходнасці актыўнага пратэсту. Пра сваю галадоўку яна паведаміла ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства аховы здароўя і міліцыю.

Калатазішвілі хоча сустрэцца з мужам, бо не ўсе лісты ад яе ён атрымлівае, і гэта выклікае трывогу за яго здароўе.

Праводзіць акцыю пратэсту жанчына, якая з цяжкасцю перамяшчаецца, вырашыла каля турмы, дзе ў СІЗА знаходзіцца яе муж. З раніцы яна размясцілася ў альтанцы на інваліднай калясцы. Размаўляючы з журналістамі, жанчына паведаміла, што дрэнна сябе адчувае, і ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Анжаліку Калатазішвілі шпіталізавалі. Яна заявіла, што не мае намеру спыняць галадоўку.

belapan.by