Прымусовая дамова



Маларыцкая жыллёва-камунальная гаспадарка праз суд прымусіла 4 гаспадароў з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна заключыць з імі дамову на вываз бытавых адкідаў. Хаця гэтыя людзі з вывазам смецця спраўляюцца самі, кажа Іван Бяльчук:

– 6 тысяч у месяц… Тут не стаіць пытанне: колькі плата? Тут стаіць пытанне, што смецце ніхто не забірае, не прыязджае, мы яго не здаем, а нам налічваюць плату. Тройчы я звяртаўся да дырэктара з такім пытаннем: на якой падставе налічвае плату за паслугу, якую не аказвае і, якая мне непатрэбная.

Юрыст камунальнай гаспадаркі Алена Алясюк  упэўнена, што спажыўцы, якіх прымушаюць заключаць дамову, не разумеюць сваіх абавязкаў і спасылаецца на пастанову Савета міністраў № 99 ад 2009 года “Аб абароне правоў спажыўцоў”:

– Гэта з’яўляецца абавязковай паслугай, якая аказваецца жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Усе павінны заключаць дамовы на вываз цвёрдых камунальных адкідаў.

Паводле Івана Бяльчука, ён сам вывозіць смецце на палігон, плаціць за гэта і мае квіткі. Але суд вяскоўцаў не стаў нават слухаць. Цяпер ім трэба заплаціць кожнаму каля 500 тысяч рублёў судовых выдаткаў. Тым не менш Бяльчук будзе абскарджваць рашэнне суда Маларыцкага раёна ў Берасцейскім абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя