Андрэй Дынько: Арыентуемся на самага шырокага чытача
Прэзентацыя новага, другога нумару, гістарычнага часопіса „Наша гісторыя” прайшла ў Гародні. Многія аматары беларускага чытва ў Гародні яшчэ не трымалі ў руках часопіс з такой назвай. Першы нумар у шапікі Саюздруку абласнога цэнтра паступаў па адным-двума нумары, таму яго хутка раскупілі. З тае прычыны пазнаёміцца з яго накіраванасцю маглі нешматлікія гарадзенцы.
Якія ж чытацкія інтарэсы можа задаволіць гэтае выданне, кажа Андрэй Дынько, галоўны рэдактар.
– Часопіс “Наша гісторыя” разлічаны на самага шырокага чытача. Яго пакліканне ў тым, каб звесці разам навукоўцаў, які столькі ўсяго ўжо даследавалі, столькі назбіралі ведаў за апошняе дзесяцігоддзе, і масавага чытача, людзей, якія хочуць чытаць пра гісторыю Беларусі і хочуць ведаць больш.
У Беларусі за апошнія дваццаць пяць гадоў выходзілі розныя гістарычныя часопісы. Некаторыя мелі падобны, папулярны характар, як напрыклад „Беларуская Мінуўшчына”, „Спадчына”. На жаль, век іх быў не доўгі. Часопіс „Наша гісторыя” адкрывае новую старонку ў папулярызацыі айчыннай гісторыі і не толькі айчыннай, кажа Андрэй Дынько.
– Нічога падобнага па-беларуску ў Беларусі не выходзіла. Больш за тое, аналагічнага часопіса дагэтуль не маюць украінцы. Кажуць, што ў Расеі ёсць часопіс “Дылетант”, які падобны да гэтага, але я яго не бачыў сам. Мы, ствараючы нашае выданне, арыентаваліся на аналагічныя часопісы, якія выходзяць у Нямеччыне і ў Польшчы. Мы захацелі зрабіць выданне такога фармату. Адрознівае яго ад усіх ранейшых выданняў ілюстрацыі і форма падачы матэрыялаў.
Першы нумар меў вялікі пакупніцкі поспех. Наклад у дзесяць тысячаў пяцьсот асобнікаў ужо разышоўся. Прэзентаваўся ў Гародні другі нумар, а рыхтуецца ўжо трэці. Рэдакцыя вырашыла выдаваць „Нашу гісторыю” штомесяц. А набыць часопіс можна ў гандлёвых сетках „Белсаюздруку” і „Белкінігі”.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара