Ва Украіне фактычна стартавала перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія



Пра намер балатавацца на пасаду кіраўніка Украіны ўжо заявіла пятнаццаць чалавек. Агляд мажлівых кандыдатаў зрабіў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Выбары прэзідэнта Украіны адбудуцца менш, чым праз год – 31 сакавіка 2019 года. Але ахвочых балатавацца большае штодня. Акрамя загартаваных палітычных байцоў кшталту дзейснага прэзідэнта, а таксама Юліі Цімашэнкі і Анатоля Грыцэнкі, у спісе суіскальнікаў – даволі нечаканыя прозвішчы. Гэта комік Уладзімір Зяленскі, спявак Святаслаў Вакарчук, былая народная гераіня Надзея Саўчанка, карупцыянер Раман Насіраў і нават відавочна прарасейскія персанажы – адыёзны Міхаіл Добкін і Юрый Бойка.

Тым часам рэйтынг палітычных сімпатый украінцаў узначальвае Юлія Цімашэнка – 13,2% ад усіх апытаных украінцаў. На другім радку – комік Уладзімір Зяленскі з 7,8% прыхільнікаў. Замыкае тройку цяперашні ўкраінскі прэзідэнт з 6,8% сімпатый.

Сярод імаверных кандыдатаў у прэзідэнты – ажно двое былых паслоў Украіны ў Беларусь: Валянцін Налівайчанка і Раман Бяссмертны.

Беларускае Радыё Рацыя