Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Таджыкістан



Аляксандр Лукашэнка 27 верасня накіраваўся з рабочым візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Сустрэча ўдзельнікаў саміту адбудзецца 28 верасня ў Душанбэ. Кіраўнікі дзяржаў правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным фарматах. Будуць абмяркоўвацца пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, супрацы ў культурна-гуманітарных абласцях і ў сферы бяспекі. Удзельнікі сустрэчы таксама разгледзяць пытанні ўдасканалення прававога і арганізацыйна-кадравага забеспячэння дзейнасці СНД.

„Чакаецца, што на палях саміту Аляксандр Лукашэнка правядзе шэраг сустрэч і перамоў з замежнымі лідарамі. Падчас візіту прэзідэнта ў Душанбэ таксама запланаваныя двухбаковыя беларуска-таджыкскія мерапрыемствы. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон абмяркуюць супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах і азнаёмяцца з рэалізацыяй дасягнутых раней дамоўленасцяў”, — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

БелаПАН