Намеснікі кіраўніка МЗС Беларусі наведаюць Брусель і Прагу



Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 3—5 кастрычніка наведае Брусель (Бельгія) для ўдзелу ў чарговай сустрэчы старэйшых службовых асоб краін — удзельніц ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства”, паведаміў на брыфінгу ў Менску 27 верасня прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, у межах мерапрыемства плануецца абмеркаваць прагрэс у рэалізацыі дваццаці задач Усходняга партнёрства, якія былі зацверджаныя на брусельскім саміце ініцыятывы ў лістападзе 2017 года. Увага таксама будзе нададзеная падрыхтоўцы штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў Усходняга партнёрства ў Люксембургу, запланаванай на 15 кастрычніка.

З 2 па 5 кастрычніка адбудзецца рабочы візіт намесніка міністра Яўгена Шастакова ў Чэхію. Ён наведае Брно і Прагу. Намеснік міністра возьме ўдзел у працы штогадовай канферэнцыі „Бізнес-дзень Рэспублікі Беларусь” у рамках 60-й юбілейнай міжнароднай машынабудаўнічай выставы ў Брно, падчас якой будзе прадстаўленая экспазіцыя Made in Belarus.

4 кастрычніка ў Празе запланаваныя перамовы Шастакова з намеснікам міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Эдуардам Муржыцкім „для абмеркавання сумесных крокаў па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва”, дадаў Глаз. Адбудуцца сустрэчы з першым намеснікам старшыні палаты дэпутатаў парламента Чэхіі Войцахам Філіпам і старшынёй чэшска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзянісам Карповічам.

belapan.by