Польшча рыхтуецца размясціць у сябе вайсковую базу ЗША



Створана рабочая група для размяшчэння сталай базы ЗША ў Польшчы. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. На сумесным вайсковым парадзе амерыканскіх, польскіх вайскоўцаў ды жаўнераў НАТА ён выказаў спадзяванне, што перамовы прывядуць да ўзмацнення вайсковай магутнасці Польшчы з боку  амерыканцаў:

– Наяўнасць тут, на ўсходніх рубяжах, НАТА з’яўляецца доказам  салідарнасці краін Паўночнаатлантычнага альянсу і доказам таго, што мы ў стане разам абараніць каштоўнасці, якія раздзяляем. І мы ў стане разам забяспечыць бяспеку не толькі ў нашай частцы Еўропы, але і ў вольным свеце.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін адзначае, што нельга выключаць гістарычныя жахі Польшчы, яе падзелы і гэтак далей. “Верагодна, некаторыя прадстаўнікі польскай эліты лічаць цалкам магчымым, што Расея паўторыць свой гістарычны досвед і будзе імкнуцца захапіць тэрыторыю Польшчы”, –  мяркуе эксперт:

– Польшча хоча стаць галоўным саюзнікам ЗША ва Усходняй Еўропе. Бо ЗША пасварыліся і з ФРГ, і з Францыяй. Увогуле з еўрапейскімі саюзнікамі ў іх непаразумелкі. Думаю, што Польшча хоча стаць вядучай ваеннай дзяржавай НАТА. Стаць галоўным ваенным саюзнікам ЗША. Палякі мяркуюць, што калі тут будуць амерыканскія салдаты, Расея не нападзе. Калі амерыканскія салдаты загінуць, пачнецца сусветная вайна, чаго Расея не хоча.

Сёння на брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь  сочыць за сітуацыяй у сувязі з намерам Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі вайсковую базу ЗША і ў залежнасці ад яе развіцця будзе вымушаная „пэўным чынам адаптаваць свае падыходы”.  Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч у сваім фэйсбук выказаўся супраць размяшчэння амерыканскай базы ў Польшчы. Ён мяркуе, што Расея ў адказ можа ўзмацніць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота © РИА Новости