Забытыя ахвяры ІІ Сусветнай вайны
У цэнтры Гомеля, на плошчы Паўстання, часта праходзяць масавыя гулянні. Увосень тут ладзяцца кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі з абавязковымі шашлыкамі і гучнай музыкай. На Дзень горада ў гэтым месцы таксама шматлюдна і весела. Мала хто з гомельцаў звяртае ўвагу на сціплы барельеф, усталяваны ў пачатку 1990-х гадоў дэмакратычна абранымі гарадскімі ўладамі. Гэты мемарыяльны знак, калі падысці да яго бліжэй, выглядае вусцішна: крыж у выглядзе чалавечых целаў. У гады нацыстоўскай акупацыі на тэрыторыі, прылеглай да былой ланкасцерскай школы, знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных ДУЛАГ-121. Гісторыкі агучваюць страшныя лічбы. У гэтым канцлагеры былі закатаваныя да 150 тысяч чалавек. Многія з небаракаў гінулі тысячамі ад холаду, голаду і хваробаў у 1941 годзе. Спачатку іх хавалі ў ваколіцах канцлагера. Калі ж не засталося вольнага месца, целы нябожчыкаў пачалі вывозіць пад Гомель. На доўгія дзесяцігоддзі пра гэтых ахвяр бяздарнага савецкага вайсковага камандавання забыліся.
І вось пару гадоў назад у Гомелі знайшлася група людзей, дзякуючы якім вярнулася памяць пра ахвяр гомельскага канцлагера. Сярод іх – Уладзімір Котаў. Гэты чалавек за свае ўласныя грошы набыў на амерыканскім Інтэрнэт-аўкцыёне нямецкія аэрафотаздымкі часоў вайны, якія дазволілі яму з групай аднадумцаў адшукаць частку супрацьтанкавага рову ля мястэчка Краснае. Паводле ягоных звестак, менавіта гэты роў стаў брацкай магілай для тысяч закатаваных людзей. “Мне мой бацька неяк распавёў, як ён, будучы дзіцём, выпадкова стаў сведкам расстрэлу палонных салдат. Ён падышоў да прысыпанай магілы, у якой яшчэ быў жывы адзін чырвонаармеец. Той салдат быў моцна параненым, але папрасіў, каб іх па вайне пахавалі па чалавечы”, — распавядае Уладзімір Котаў. Ягоны бацька сышоў з жыцця, не паспеўшы выканаць просьбу таго чалавека. Таму выпраўляць сітуацыю давялося сыну.
Ранейшыя спробы вызначыць месца масавага пахавання былі няўдалымі, паколькі за дзясяткі гадоў мясцовасць змянілася да непазнавальнасці. Па вайне гэты роў быў засыпаны будаўнічым друзам, побач пабудавалі аб’язную дарогу. У апошнія некалькі дзесяцігоддзяў брацкая магіла была фактычна забытая. Гэтае поле выкарыстоўвалася для вырошчвання бульбы і зерневых культур.
Нягледзячы на тое, што з моманту вызвалення Гомеля прайшло 75 гадоў, да нядаўняга часу яшчэ былі жывыя людзі, якія пацвердзілі версію пра масавае пахаванне ў ваколіцах Краснага. Мне як журналісту падчас працы над некалькімі сюжэтамі давялося размаўляць са старажылкамі, якія проста ўказалі на тое, што ў супрацьтанкавым рове ляжаць тысячы ахвяраў канцлагера ДУЛАГ-121. Як выявілася ў працэсе пошукаў інфармацыі, гэтае месца выкарыстоўвалася карнікамі таксама для расправы над мірным насельніцтвам. У прыватнасці, над гомельскімі габрэямі. Жыхарка вёскі Красны Багатыр Яўгенія Злотнікава, 1932 года нараджэння, у размове сведчыла, што яна была сведкай расстрэлу групы грамадзян габрэйскай нацыянальнасці, жанчын з маленькімі дзецьмі на руках. Цяпер ужо нябожчыца Аляксандра Жураўлёва, 1923 года нараджэння, таксама пацвердзіла факты вайсковых злачынстваў. Больш за тое, яна распавяла пра тое, што ведае прозвішча аднаго з забітых гамяльчан, цела якога дагэтуль ляжыць у брацкай магіле на ўскрайку Гомеля. Паводле Аляксандры Жураўлёвай, яна з сяброўкай у пачатку вайны, дзеля цікавасці, пайшла паглядзець на супрацьтанкавы роў. У гэтым месцы яна ўбачыла мноства трупаў. Яе ўвагу прыцягнула цела мужчыны сярэднага веку ў чорным паліто. У кішэні забітага ляжала запіска з прозвішчам Зінкевіч. Такім чынам, мы ведаем сама меней прозвішча аднаго з забітых у ваколіцах Краснага.