Жыхарка Слаўгарада спыніла галадоўку, дабіўшыся дазволу на спатканне з мужам



Жыхарка Слаўгарада, інвалід І групы Анжаліка Калатазішвілі спыніла галадоўку, атрымаўшы дазвол ад пракуратуры на спатканне з арыштаваным мужам.

Нагадаем, 26 верасня Анжаліка Калатазішвілі, патрабуючы спаткання з арыштаваным па абвінавачанні ў незаконным абароце наркотыкаў мужам Кахаберам Калатазішвілі, прыехала да магілёўскай турме № 4 і пачала там галадоўку пратэсту. Муж слаўгарадчанкі ўтрымліваецца ў СІЗА гэтай папраўчай установы. Распачаць акцыю, як кажа жанчына, яе прымусіла сітуацыя, якую яна характарызуе як бязладдзе і помсту з боку ўладаў за адстойванне сваіх правоў. Увечары таго ж дня ёй стала дрэнна, і выкліканая адным з журналістаў хуткая дапамога шпіталізавала жанчыну.

Як расказала БелаПАН Анжаліка Калатазішвілі, вельмі хутка яе прымусілі пакінуць Магілёўскую абласную бальніцу і яна была вымушана начаваць у знаёмых. 27 верасня яна зноў прыйшла да турмы, дзе працягнула акцыю пратэсту. Неўзабаве следчы паведаміў ёй, што дазвол на спатканне яна атрымае ў слаўгарадскай раённай пракуратуры.

Сёння Анжаліка Калатазішвілі атрымала ад пракурора дазвол на спатканне з мужам да 2 кастрычніка. У сувязі з гэтым яна спыніла галадоўку. Таксама, паводле яе слоў, справа Кахабера Калатазішвілі ўжо расследавана, знаходзіцца ў пракуратуры і хутка павінна паступіць у суд.

Паколькі мужчына з’яўляецца грамадзянінам Грузіі, які мае від на жыхарства ў Беларусі, Анжаліка Калатазішвілі звярталася па дапамогу і ў грузінскае пасольства. Яна расказала, што дыпламатычнае прадстаўніцтва сочыць за іх сітуацыяй.

Анжаліка Калатазішвілі сцвярджае, што стала інвалідам з-за няправільнага лячэння ў 2014 годзе, якое аказвалі ёй урачы, памылкова лічачы яе анкахворай. Слаўгарадчанка стала дамагацца кампенсацыі, што і выклікала, як яна лічыць, негатыўнае стаўленне як да яе, так і да яе мужа. Жанчына вельмі занепакоеная яго здароўем. Яна заяўляе, што не ўсе лісты, якія яна адпраўляе, даходзяць да мужа.

belapan.by