Беларусь і Кітай будуць развіваць супрацоўніцтва ў сферы рэкламы



Беларусь і Кітай будуць развіваць супрацоўніцтва ў сферы рэкламы. Адпаведнае пагадненне пра стратэгічнае партнёрства паміж Кітайскай асацыяцыяй рэкламы (САА) і Асацыяцыяй камунікацыйных і маркетынгавых агенцтваў Беларусі (АКМА) было падпісана 28 верасня ў Харбіне, паведамілі БелаПАН у АКМА.

Як адзначылі ў асацыяцыі, САА, якая прадстаўляе інтарэсы камунікацыйных і маркетынгавых агенцтваў і вытворцаў тавараў і паслуг КНР, і АКМА, якая з’яўляецца найбольш шматлікім прафесійным аб’яднаннем у Беларусі, што ўваходзіць у савет Нацыянальных асацыяцый Еўрапейскай асацыяцыі камунікацыйных агенцтваў, бачаць сваю місію ў пашырэнні міжнароднага індустрыяльнага супрацоўніцтва і развіцці знешнеэканамічных адносін Беларусі і Кітая, што адпавядае стратэгічным гандлёва-эканамічным інтарэсам абодвух краін.

Згодна з падпісаным дакументам, САА разглядае АКМА „ў якасці свайго ключавога партнёра ў прасоўванні кітайскіх агенцтваў і брэндаў на тэрыторыі Беларусі, ажыццяўленні шэрагу сумесных мер па развіцці рынкаў дружалюбных дзяржаў і стварэнні плённай глебы для абмену перадавым індустрыяльным вопытам паміж краінамі”.

„У сучаснай сусветнай практыцы рэклама набывае ўсё больш шырокія контуры ў сэнсе камунікацый, інавацый і інтэграцыі розных медыяканалаў, а прафесійная камунікацыйная палітыка з’яўляецца адным з найбольш прагрэсіўных рухавікоў эканамічнага росту ў розных краінах па ўсім свеце. Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у сферы рэкламы дапаможа стварыць спрыяльныя ўмовы для прасоўвання айчынных прадпрыемстваў, дасць ім дадатковыя канкурэнтныя перавагі для працы на кітайскім рынку”, — адзначыла старшыня праўлення АКМА Алена Усціновіч.

belapan.by