Вадзім Дзевятоўскі пераабраны кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі



41-гадовы прызёр Алімпійскіх гульняў у кіданні молата, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі пераабраны на другі тэрмін старшынёй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Справаздачна-выбарная канферэнцыя грамадскага аб’яднання „Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі” прайшла 28 верасня ў Менску. Дзевятоўскі на пасаду старшыні быў абраны аднагалосна, паведамляецца на сайце федэрацыі.

Упершыню ён узначаліў Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі ў верасні 2014 года.

Вадзім Дзевятоўскі — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года (заняў чацвёртае месца, але атрымаў медаль у 2014 годзе ў сувязі з дыскваліфікацыяй яго суайчынніка Івана Ціхана, які заваяваў срэбра) і сярэбраны прызёр АГ-2008 (спачатку Міжнародны алімпійскі камітэт адабраў медаль за ўжыванне допінгу, але затым вярнуў пасля вердыкту Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане, які знайшоў парушэнні ў працэдуры допінг-кантролю). У 2000 годзе, напярэдадні Алімпіяды ў Сіднэі, Дзевятоўскі быў дыскваліфікаваны на два гады за допінг.

belapan.by