“Чупакабрай” можа аказацца застрэлены воўк
На Слонімшчыне застрэлены вялікі воўк, які можа аказацца той “чупакабрай”, які знішчыў больш за 20 хатніх сабак і катоў. Ваўка застрэліў паляўнічы Станіслаў Койпаш. Ён падпільнаваў яго ў полі паміж аграгарадком Дзераўная і вёскай Львоўшчына.
Цяпер спецыялістам трэба вырашыць, ці мае дачыненне лясны драпежнік да нападзення на хатніх жывёл. Для гэтага неабходна правесці шэраг экспертыз, у тым ліку генетычную. Вынікі будуць толькі праз два тыдні. Тады і стане вядома, ці гэты вялікі воўк на працягу амаль двух месяцаў тэрарызаваў вясковых жывёл, а таксама палохаў людзей.
Беларускае Радыё Рацыя