Памерла адна з пацярпелых пры выбуху на „Магілёўдрэве”



Памерла адна з пацярпелых пры выбуху ў ААТ „Магілёўдрэў”, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

„Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Прычына трагедыі высвятляецца”, — адзначыла яна.

Выбух у цэху ААТ „Магілёўдрэў” адбыўся 25 верасня прыкладна ў 18.30. На момант здарэння ў цэху знаходзілася працоўная змена з дзевяці чалавек: адзін майстар і восем рабочых. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС працоўныя самастойна пакінулі будынак. У выніку выбуху ў фарбавальнай камеры пацярпелі шэсць чалавек. З тэрмічнымі пакалечаннямі рознай ступені цяжкасці яны былі шпіталізаваны ў Магілёўскую бальніцу № 1 і гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Ноччу ў Магілёў для кансультацыі прыбыў галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць.

Па факце выбуху на „Магілёўдрэве” распачатая справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 302 (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бяспекі, што мела вынікам выбух і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў работнікам прадпрыемства) КК. Работу на месцы здарэння каардынуе кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч.   БелаПАН