Адмоўнае сальда знешняга гандлю вырасла больш чым на 250 млн долараў



Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень—жнівень 2018 года склала 3 млрд 35,1 млн долараў ЗША, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле ўдакладненай інфармацыі, адмоўнае сальда за студзень—ліпень склала 2 млрд 781,6 млн долараў. Такім чынам, за жнівень яно вырасла на 253,5 млн. За студзень—жнівень 2017 года сальда таксама было адмоўным — 2 млрд 556,6 млн долараў.

Знешнегандлёвы абарот краіны за восем месяцаў гэтага года склаў 47 млрд 185,7 млн долараў, да ўзроўню студзеня—жніўня 2017 года ён павялічыўся на 18,3% у бягучых цэнах. Экспарт тавараў склаў 22 млрд 75,3 млн (рост на 18,3%), імпарт — 25 млрд 110,4 млн долараў (рост таксама на 18,3%).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень—жнівень 2018 года склаў 24 млрд 77,7 млн долараў, што на 15% больш, чым за студзень—жнівень 2017 года. Экспарт тавараў вырас на 4% да 9 млрд 173,8 млн долараў, імпарт — на 23,1% да 14 млрд 903,9 млн. У гандлі з гэтымі краінамі сальда было адмоўным у 5 млрд 730,1 млн долараў (у студзені— жніўні 2017 года — мінус 3 млрд 283,9 млн).

Тавараабарот з Расеяй, паводле дадзеных Белстата, за восем месяцаў склаў 23 млрд 361,4 млн долараў (павелічэнне да ўзроўню студзеня—жніўня 2017 года на 14,5%). Экспарт тавараў склаў 8 млрд 541,5 млн долараў (2,2%), імпарт — 14 млрд 819,9 млн (+23%). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 6 млрд 278,4 млн долараў супраць адмоўнага ў 3 млрд 691 млн у студзені—жніўні 2017 года.

Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўразвяза за студзень—жнівень 2018 года склаў 11 млрд 631,9 млн долараў, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня—жніўня 2017 года на 28,7%. Экспарт тавараў склаўся ў памеры 6 млрд 932 млн долараў (на 43% больш), імпарт — 4 млрд 699,9 млн (на 12,2% больш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕЗ было станоўчым і склала 2 млрд 232,1 млн долараў (у студзені—жніўні 2017 года — станоўчае ў памеры 661,3 млн).

У краіны па-за СНД аб’ём экспарту ў студзені—жніўні 2018 года вырас на 33,8% да 9 млрд 822 млн долараў, імпарту — павялічыўся на 11% да 9 млрд 167,7 млн. У цэлым тавараабарот вырас на 21,7% да 18 млрд 989,7 млн долараў, а сальда было станоўчым — 654,3 млн супраць адмоўнага ў памеры 919,5 млн долараў у студзені—жніўні 2017 года.

„Адмоўнае сальда ў гандлі таварамі застаецца сістэмнай праблемай”, — заявіў у красавіку гэтага года ў інтэрв’ю часопісу „Директор” намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Асноўны ўклад (амаль 90%) у фарміраванне адмоўнага сальда ў 2017 годзе ўнёс імпарт прамежкавых тавараў, перш за ўсё энергетычных (нафта, газ). „І для такой энергазалежнай краіны, як Беларусь, наўрад ці магчыма ў найбліжэйшай перспектыве выйсці на станоўчае сальда гандлю таварамі”, — сказаў намеснік міністра.

„Таму ўрадам пастаўлена задача па апераджальным нарошчванні экспарту паслуг, доля якіх аб’ектыўна яшчэ не выйшла на аптымальны, адпаведны лепшым сусветным стандартам узровень”, — адзначыў чыноўнік.

belapan.by