У Менску з 1 кастрычніка абмежаваны продаж спіртнога ноччу



У Менску 1 кастрычніка набыло моц рашэнне аб абмежаванні продажу спіртнога ноччу.

Як паведамлялася раней, Менгарвыканкам прыняў рашэнне абмежаваць на год — з 1 кастрычніка 2018 года па 1 кастрычніка 2019-га — продаж спіртнога праз аб’екты гандлю.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 28 верасня было апублікавана рашэнне сталічных уладаў ад 14 верасня № 3041 „Аб абмежаванні на тэрыторыі горада Мінска часу продажу алкагольных напояў, піва і слабаалкагольных напояў з аб’ёмнай доляй этылавага спірту не большай за 7 працэнтаў”.

„У сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з імі” з 23 да 7 гадзін абмяжоўваецца рэалізацыя алкагольных напояў (гарэлкі, лікёра-гарэлачных вырабаў, віна, каньяку, брэндзі, кальвадосу, шампанскага і іншых напояў з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў), за выключэннем рознічнага гандлю на аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў.

Устаноўлена, што на тэрыторыі горада з 23 да 7 гадзін з 1 кастрычніка 2018 года па 1 кастрычніка 2019-га рознічны гандаль півам і слабаалкагольнымі напоямі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту не большай за 7% не ажыццяўляецца на гандлёвых аб’ектах, „за выключэннем гандлёвых аб’ектаў, прадугледжаных у абзацы трэцім пункта 1-1 пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 сакавiка 2006 года № 317 „Аб асобных пытаннях рэгулявання рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі, вызначэнні гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапускаецца ўжыванне піва і слабаалкагольных напояў, і аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення рознічнага гандлю”. У гэтым абзацы гаворка ідзе пра будынкі (памяшканні), дзе размешчаны дзяржаўныя органы, і спартыўныя збудаванні.

belapan.by