Устойлівае развіццё міністраў



Кожны раз я ўпадаю ў ступар, калі праязджаю каля білборда з надпісам: “Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі дасягнем разам”. Вам гэта пра штосьці гаворыць? Што гэты за мэты такія? І чаму мы іх павінныя дасягаць разам? На гэта што трэба па два рублі скінуцца? Ці схадзіць кудысьці трэба? А аказваецца, яшчэ тры гады таму сусветныя лідары дамовіліся, што будуць выратоўваць планету ад беднасці, няроўнасці і кліматычных змяненняў.

Днямі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч выступала на рэгіянальнай канферэнцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН “Варыянты выбару: дынаміка колькасці насельніцтва і ўстойлівае развіццё”. І што вы думаеце? Яе выступ тычыўся і дасягненняў мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі. Як паведамляюць СМІ, мінстр асобна спынілася на поспехах па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця. Сапраўды, білборды павесілі – можна сказаць, мэтаў дасягнулі.

А яшчэ міністр заявіла, што будзе распрацоўвацца стратэгія актыўнага даўгалецця ў Беларусі. Маўляў, дзеля гэтага нават створаны Інстытут нацыянальнага каардынатара і каманда адкрытага складу, якая пастаянна пашыраецца. І менавіта яны працуюць над мэтай устойлівага развіцця, каб дабрабыт і дастатак людзей паляпшаўся. Вось скажыце, вы заўважылі работу гэтага Інстытута нацыянальнага каардынатара? Ваш дабрабыт пасля ягонага з’яўлення палепшыўся? А між іншым, ён ужо працуе больш за год. Хаця, калі ўлічыць, што нацыянальным каардынатарам прызначылі Мар’яну Шчоткіну (колішнюю міністарку працы і сацыяльнай абароны), то хоць чыйсьці дабрабыт палепшыўся. Дарэчы, распрацаваны, у тым ліку і Мар’янай Шчоткінай, дармаедскі дэкрэт таксама, відаць, будзе найлепшым чынам уплываць на дабрабыт і дастатак беларусаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ