Ярмошына: Рэформы ў выбарчым заканадаўстве немагчымыя без змены Канстытуцыі



Для ўнясення змяненняў у выбарчае заканадаўства неабходна спачатку змяніць Канстытуцыю, заявіла журналістам кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.

Пытанне аб канстытуцыйным рэферэндуме пакуль не абмяркоўваецца, дадала яна.

„Папраўкі, я думаю, не будуць выносіцца, пакуль не будзе зменена Канстытуцыя. Увогуле, пра гэта казаў і прэзідэнт. Няма сэнсу, — сказала Ярмошына. — Рэферэндум па Канстытуцыі не рыхтуецца. ЦВК па меншай меры ён не рыхтуецца. Наогул , шчыра кажучы, на гэты момант дзяржава занята эканомікай, гэта і ёсць лепшая палітыка”.

На думку кіраўніцы ЦВК, у Беларусі „цалкам сучаснае заканадаўства і Канстытуцыя, таму гэта зусім не з’яўляецца панацэяй”. „Панацэяй па-ранейшаму з’яўляецца эканоміка і тое сацыяльнае жыццё, якое адбываецца ў грамадстве. Яно само прадыктуе правілы гульні палітычнай”, — адзначыла яна.

Пытанне пра тэрміны правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, паводле слоў Ярмошынай, пакуль не абмяркоўвалася. „Выбары ніяк не абмяркоўваліся. Вырашыла гэта пытанне адкласці, не каментаваць наогул. Кіраўнік дзяржавы сам вырашыць і сам скажа, калі прызначаць выбары. Таму я вырашыла, што пакуль заўчасна нават высвятляць гэта пытанне”, — сказала яна.

Кіраўнік ЦВК таксама адзначыла, што ў найбліжэйшы час у яе не плануецца сустрэча з кіраўніком дзяржавы.

Чарговыя парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнцкія — не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым улады разглядаюць варыянт правядзення адной з выбарчых кампаній восенню 2019 года.

Для аналізу рэкамендацый, якія БДІПЧ АБСЕ дало па выніках апошніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, у Беларусі была створана спецыяльная міжведамасная экспертная група. Апошняе пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы адбылося 31 студзеня 2017 года. На наступны дзень напрацоўкі былі перададзеныя Аляксандру Лукашэнку. Планавалася, што яшчэ ў сакавіку 2017 года ў кіраўніка дзяржавы пройдзе нарада па пытаннях выбарчага заканадаўства, аднак яна так і не адбылася.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь