Няўдалы камінг-аўт Дабратвора



Прачытаў допіс аднаго з кіраўнікоў партыі БНФ Іллі Дабратвора пра ягонага прадзеда, які служыў у НКВД. Артыкул пакідае дваістае ўражанне. З аднаго боку, добра, што тэма пачала ўздымацца. Сярод беларусаў былі не толькі ахвяры, але і каты. З іншага боку, засмуціла адсутнасць нават кроплі пакаяння і сораму ад прадстаўніка партыі, якая калісьці спрычынілася да ўзвядзення Народнага мемарыялу ў Курапатах.

Ілля Дабратвор гаворыць, што яму няма за што адчуваць сорам. Маўляў, ягоны дзед сам хаваўся пад ложкам ад сваіх калег у 1930-я, калі праводзілася чыстка ў шэрагах чэкістаў першага прызыву. А па вайне ён жыў вельмі сціпла: ад катэджа ў цэнтры Менска адмовіўся, службовую машыну пакінуў і быў пахаваны на Чыжоўскіх могілках. Праўда, усё-такі атрымаў 2-пакаёўку на вуліцы Ленінградскай, якая таксама, дарэчы, знаходзіцца не на ўскрайку сталіцы. Але галоўнае: ягоны прадзед пражыў поўнае жыццё і памёр у цалкам сабе камфортных умовах, чаго не скажаш пра мільёны нявінных ахвяр бальшавіцкага тэрору. Ягоныя дзеці бачылі свайго бацьку, а ўнукі атрымалі сякую-такую спадчыну. У іх нават сямейныя фотаздымкі захаваліся, на якіх бравы чэкіст пазіруе ў вайсковай форме побач з саслужыўцамі.

Я ахвотна веру, што прадзед Іллі Дабратвора ў вачах ягоных родных выглядаў цалкам прыстойна. Магчыма, ён не меў наўпроставага дачынення да рэпрэсій. Наган да скроняў ворагаў народу не прыстаўляў, апошнюю скібу хлеба ў галодных дзяцей не забіраў. Але, прынамсі, нават калі ён быў звычайным кіроўцам ці перакладаў паперкі ў кабінеце, то працаваў на карысць той бесчалавечнай сістэмы, якая знішчала цэлыя народы, не кажучы пра сем’і няшчасных грамадзян, што не змаглі прыстасавацца да ўмоваў СССР.

Некаторыя топавыя блогеры з энтузіязмам успрынялі “камінг-аўт” Іллі Дабратвора. Нехта параўнаў гэты працэс з тым, што напісала літоўская пісьменніца Рута Ванагайтэ ў рэзананснай кнізе “Нашы”. У творы распавядаецца пра злачынствы літоўцаў у дачыненні да габрэяў у гады ІІ Сусветнай вайны. Кніга выклікала эфект выбуху бомбы ў сучасным літоўскім грамадстве, дзе па змаўчанні прынята лічыць, што Літва непасрэднага ўдзелу ў Халакосце не прымала. Насамрэч жа аказалася, што па ліквідацыі габрэйскіх гета многія продкі цяперашніх літоўцаў займелі мноства антыкварных рэчаў, адзенне і нават золата…

Ілля Дабратвор, вядома, не мае ніякага дачынення да злачынстваў сталінізму. Ён не жыў у тыя часы. Цяпер жа з’яўляецца шматдзетным бацькам і ўвогуле робіць многа пазітыўных рэчаў на карысць змены сітуацыі ў Беларусі. І не ягоная віна ў тым, што прадзед служыў у НКВД. Разам з тым, шкада, што ён не ўсведамляе, што дэмакратычнаму палітыку варта ўсё-такі ставіцца з павагай да пачуццяў нашчадкаў рэпрэсаваных, не рабіць пустога піяру на крыві забітых. І няма ў ягоным учынку ані каліва ад грамадзянскай мужнасці, бо ў цяперашняй Беларусі не адбылося аніякай дэсталінізацыі, у нас дагэтуль паўсюль стаяць помнікі Дзяржынскаму і ягоным падначаленым.

Прызнанне Іллі Дабратвора, як варта было чакаць, не выклікала ланцуговай рэакцыі пакаяння сярод нашчадкаў супрацоўнікаў НКВД. Наадварот, у сацыяльных сетках, многія персанажы пачалі пісаць пра тое, што іх дзяды верай і праўдай служылі той сістэме, мелі ўзнагароды, ваявалі ў апошняй сусветнай вайне. Хай гучыць гэта і банальна, але не ўяўляю сабе сучаснага нямецкага палітыка, які, прадстаўляючы дэмакратычную партыю, з замілаваннем складаў бы агіяграфію свайго прадзеда-гестапаўца. Усё-такі далёка нам да агульнанацыянальнай згоды, калі нават у антыкамуністычных партыях няма разумення таго, што сталінізм – ідэалагічны брат-блізнюк нямецкага нацызму. І якраз сорамна не ўсведамляць гэтага.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ