Прадпрымальнік: Нас выштурхоўваюць у неправавое поле



У Менску завяршыўся форум прадпрымальнікаў, які арганізавала Аб’яднанне „Перспектыва”. У працы форуму ўзялі ўдзел прадстаўнікі Дзяжстандарта, Міністэрства эканомікі, аналітычнага аддзелу. Галоўная праблема, якая не знайшла вырашэння падчас ліставання з міністэрствамі – гэта дзеянне указу № 222 кіраўніка краіны. Гэта ставіць індывідуальных прадпрымальнікаў у складаную сітуацыю. Тлумачыць удзельнік форуму з Гародні Андрэй Шасьцяракоў.

– У Расейскай Федэрацыі змянілася заканадаўства. Федэральны закон № 54 абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 ліпеня 2018 года мець анлайн-касы. І выдаюцца анлайн-чэкі. Нашыя беларускія прадпрымальнікі ажыццяўляюць закупкі тавараў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Расейскай Федэрацыі. Нас выштурхоўваюць у неправавое поле ў рамках указа № 222. Там сказана, што наш расейскі партнёр мусіць выдаваць поўны пакет дакументаў пры набыцці тавара за наяўны разлік.

Насамрэч, гэтага не выконваюць контрагенты з Расейскай Федэрацыі, якія прадаюць тавар індывідуальным прадпрымальнікам Беларусі. Удзельнікі форуму пастанавілі рабіць намаганні  сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб той паспрыяў развязаць сітуацыю з невыканальнасцю указу №222, які цягне штрафныя санкцыі і канфіскацыю тавара для прадпрымальнікаў, якія набываюць тавар у Расеі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Belnaviny.by