Мясніковіч прапаноўвае запланаваць у Беларусі „гібрыдную сямігодку”



Пра неабходнасць перайсці на двухгадовы перыяд планавання бюджэту заявіў 2 кастрычніка на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу старшыня верхняй палаты Міхаіл Мясніковіч.

„Прыярытэт нумар адзін — праца над бюджэтным пакетам і планам падрыхтоўкі законапраектаў на наступны год. Мы ўнеслі прапанову, каб гэтыя дакументы былі сфармаваныя на двухгадовы перыяд: 2019—2020 гады. Гэта дазволіць стварыць неабходны зачын у заканадаўстве на наступную пяцігодку. Пры гэтым важна, каб працаваў пакетны прынцып падрыхтоўкі законапраектаў”, — адзначыў спікер.

„Як прыхільнік доўгатэрміновага планавання лічу аптымальным зрабіць праект гібрыднай сямігодкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а менавіта канкрэтную двухгодку на 2019—2020 гады і асноўныя палажэнні да 2025 года. І пад гэта павінна быць адпаведнае заканадаўства”, — заявіў Мясніковіч.

Ён таксама прапанаваў рэалізаваць двухгадовае планаванне на мікраўзроўні: „Усе валаўтваральныя прадпрыемствы і арганізацыі павінны абараніць свае бізнес-планы на 2019 і 2020 гады ў спецыяльна створаных камісіях з ліку прадстаўнікоў мясцовай улады і рэспубліканскіх органаў”.

На думку Мясніковіча, такі падыход дазволіць выпрацаваць механізмы рэалізацыі прагнозу і бюджэту знізу, ацаніць здольнасць кадраў на месцах выконваць мэтавыя задачы. „Супраць такога, хутчэй за ўсё, будуць выступаць як рэспубліканскія, так і мясцовыя органы. І не таму, што гэта няправільна, а таму, што гэта сур’ёзная і адказная праца. Але рабіць яе трэба, трэба бачыць вузкія месцы ў развіцці і своечасова вырашаць складаныя задачы”, — заявіў спікер, які займаў пасаду прэм’ер-міністра ў 2010—2014 гадах.

БелаПАН