Рассельгаснагляд зацікавіўся пекінскай капустай з Беларусі



1 кастрычніка прадстаўнікі Рассельгаснагляду правялі тэлефонныя перамовы з дырэктарам ДУ „Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін” Беларусі Аляксандрам Піскуном.

Рассельгаснагляд заявіў, што з тэрыторыі Беларусі сталі празмерна часта вазіць у Расею па несапраўдных фітасанітарных сертыфікатах садавіну і гародніну: памідоры, перац і яблыкі, — а таксама шампіньёны. У гэтых дакументах, па словах расейскіх спецыялістаў, змяшчаецца ілжывая або блытаная інфармацыя пра месца паходжання прадукцыі. Таксама расейцы заявілі, што ў Беларусі няма сістэмы кантролю за сертыфікацыяй падкаранціннай прадукцыі ад моманту яе вытворчасці і да перасячэння расейска-беларускай адміністрацыйнай мяжы. Таму, маўляў, у Расею могуць везці прадукцыю, якая трапляе пад „харчовае эмбарга”. 

Каб перашкодзіць увозу „санкцыйнай” прадукцыі, 25 верасня Рассельгаснагляд прапанаваў накіроўваць садавіну і гародніну з Беларусі (за выняткам некаторых відаў) праз два фітасанітарныя кантрольныя пасты — ФКП „Красная Горка” (Смаленская вобласць) і ФКП „Далосцы” (Пскоўская вобласць).

Прадукцыя, да якой у расейцаў няма пытанняў: капуста белакачанная, морква, бульба, агуркі, буракі, цыбуля, радыска, соевы шрот, журавіны і г.д., — можа па-ранейшаму ўвозіцца ў Расею праз чатыры фітасанітарныя пасты: ФКП „Красная Горка” (Смаленская вобласць), ФКП „Далосцы” (Пскоўская вобласць), ФКП „Красны камень” (Бранская вобласць), ФКП „Лабок” (Пскоўская вобласць).

Таксама Рассельгаснагляд прапанаваў накіраваць у Беларусь сваіх спецыялістаў, каб пазнаёміцца з месцамі вырошчвання пекінскай капусты, ацаніць аб’ёмы яе вытворчасці і планаваны экспарт гэтай культуры ў Расею.

Фота рolza-vred.su