У Ватыкане пачынаецца Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі



У Ватыкане распачынаецца 15-ая Звычайная генеральная асамблея Сіноду Біскупаў. Яна прысвечаная тэме «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». 

Беларусь на форуме прадстаўляе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У інтэрв’ю Радыё Рацыя падчас візіту Папы Рымскага ў Вільню арцыбіскуп паведаміў:

– Робяцца розныя даследаванні. І паводле апошніх даследаванняў, у сацыяльных сетках толькі 4% моладзі цікавяцца рэлігіяй. А што робяць астатнія 96%? Чым яны цікавяцца? Яны далёка ад рэлігіі. Гэта праблема вельмі важная. Дзякуй Богу, пакуль мы трымаемся, але трэба быць вельмі чуйнымі, бо гэтая небяспека таксама ідзе да нас.

«Ад вынікаў Сіноду будзе залежаць будучыня Касцёла. Спадзяюся, што выніковы дакумент Сіноду амаладзіць Касцёл», – зазначыў беларускі гіерарх.

Вядома, што ў Ватыкане збяруцца 267 біскупаў і ўпершыню паўдзельнічаюць гіерархі з Кітая. Сінод будзе доўжыцца больш за тры тыдні і завершыцца 28 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя