Пракуратура апратэставала рашэнне суда па справе Ізраілевіча супраць газеты „Новы час”



Пракуратура Савецкага раёна Менска падала апеляцыйны пратэст на рашэнне суда па справе бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча супраць недзяржаўнай газеты „Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. 

Дакумент за подпісам намесніка пракурора Савецкага раёна Менска Загароўскага 18 верасня быў накіраваны судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарсуда. 

Пракуратура просіць адмяніць рашэнне суда Савецкага раёна Менска ад 10 верасня 2018 года па іску Ізраілевіча да выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства „Час навін” (выдаўца газеты „Новы час”) аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі і накіраваць справу на новы разгляд. 

Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасці „Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына за нібыта знявагу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай для судовага разбору стала журналісцкае расследаванне Івашына пра будаўніцтва пад Менскам побач з Курапатамі рэстараннага комплексу „Паедзем паядзім”. 10 верасня суд Савецкага раёна Менска, разгледзеўшы справу, не задаволіў іск Ізраілевіча і вызначыў спагнаць з яго 600 рублёў на карысць газеты і журналіста.  БелаПАН