Леанід Заіка: Ідзе гульня пад назвай: «Грошы дай»



Эканаміст Леанід Заіка распавёў пра тое, чаму беларускія ўлады працягваюць перамовы з Міжнародным валютным фондам.

1 кастрычніка прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонда. Раней міністр фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што афіцыйны Менск не плануе працягваць перамовы аб новым крэдыце МВФ, бо беларускі ўрад і Міжнародны валютны фонд разышліся ў тэрмінах на рэалізацыю структурных рэформаў.

Леанід Заіка: Трэба разумець, што Міжнародны валютны фонд – гэта не дабрачынная арганізацыя, а камерцыйная структура, якая, скажам, бярэ грошы ў шведскіх банкаў пад 1 адсотак, а беларусам дае пад 5 адсоткаў. І на гэтым зарабляе. Таму МВФ і шукае такія краіны, якія яшчэ могуць расплачвацца. Беларусь можа расплаціцца, таму што ў краіне шмат дзяржаўнай уласнасці. Таму і працягваюцца перамовы паміж беларускімі уладамі і МВФ.

РР: Добра крэдыты браць, але ж затым іх давядзецца ўсё роўна вяртаць…

Леніда Заіка: Беларусам трэба заплаціць толькі ў гэтым годзе больш за 3,5 мільярдаў даляраў даўгоў. І больш за мільярд – гэта толькі адсоткі за абслугоўванне доўга. Зараз Сяргей Румас толькі прыйшоў на пасаду прэм’ер-міністра, але ж яго папярэднікі набралі пад 40 мільярдаў даляраў даўгоў.

А зараз ізноў пачынаецца гульня пад назвай “Грошы дай”. І ў гэтай гульні прымаюць удзел тры гульцы: Крэмль, афіцыйны Менск і грошы. Масква можа даць каля мільярда даляраў, Еўразійскі саюз, але не выключана, што і МВФ усё-такі выдаткуе крэдыт, бо таксама марыць зарабіць на Беларусі. Таму і працягваюцца перамовы з Міжнародным валютным фондам. Хаця ў беларускіх уладаў невялікая прастора для манеўраў. Патрэбна альбо Радзіму прадаваць, альбо па-ранейшаму вешаць на вушы локшыны замежнікам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя