Вынікі і сапраўдныя прычыны рэферэндуму ў Македоніі



У апошні дзень верасня ў Рэспубліцы Македонія праходзіў рэферэндум. На галасаванне выносілася наступнае пытанне: “Ці падтрымліваеце Вы ўступленне краіны ў ЕЗ і NATO, прымаючы дамову паміж Рэспублікай Македонія і Рэспублікай Грэцыя”. У гэтым пытанні – гісторыя палітычнага супрацьстаяння працягласцю ў чвэрць стагоддзя, з аднаго боку, паміж рознымі групамі насельніцтва самой Македоніі, з іншага – паміж Афінамі і Скоп’е. Калі з першай часткай пытання ўсё больш-менш ясна (для балканскіх краін таксама няма годнай альтэрнатывы еўраатлантычнай інтэграцыі), то з міждзяржаўнай дамовай варта разбірацца. Справа ў тым, што цяперашняя Македонія мае толькі ўмоўнае дачыненне да таго гістарычнага царства, якім кіраваў бацька Аляксандра Македонскага Філіп ІІ. Толькі каля 35% тэрыторыі гэтай дзяржавы адносіцца да Грэцкай Фракіі. А ў этнічным плане сучасныя македонцы – гэта народ, роднасны балгарам, а ніяк не грэкам.

Афіны, можа быць, цалкам бы лаяльна ставіліся да назвы суседняй краіны, калі б не перадгісторыя пытання. Расейскі гісторык Андрэй Зубаў выказвае меркаванне, што непрыманне грэкамі назвы Македонія грунтуецца на іх боязі тэрытарыяльных прэтэнзій на гістарычную Фракію з боку славянскага насельніцтва. Справа ў тым, што па заканчэнні ІІ Сусветнай вайны балканскія камуністы задумалі стварэнне федэратыўнай дзяржавы, у якой Македонія складалася б на 50% з цяперашніх грэцкіх земляў. Адпаведна, пытанне назвы краіны не такое ўжо бяскрыўднае, як магло б падасца. Таму з моманту абвяшчэння незалежнасці Македоніі ў 1991 годзе Грэцыя паслядоўна настойвала на змене назвы суседзяў. Справа нават даходзіла да эканамічных санкцый і блакавання інтэнцый Македоніі на ўступленне ў ЕЗ і NATO. Македонцы, у сваю чаргу, лічылі прэтэнзіі грэкаў беспадстаўнымі, скардзіліся на Афіны ў міжнародных інстанцыях. У 2011 годзе Міжнародны суд ААН прыняў рашэнне, што Грэцыя не мае права супрацьдзейнічаць сяброўству Македоніі ў міжнародных арганізацыях.

Да нядаўняга часу сітуацыя штучнага стрымлівання інтэграцыйных памкненняў Македоніі збольшага задавальняла ўсіх, акрамя самой Македоніі, вядома. ЕЗ не надта імкнуўся браць на сябе цяжар беднай і карумпаванай посткамуністычнай краіны. Грэцыя выкарыстоўвала сітуацыю для захавання статус-кво ў плане рэгіянальнай бяспекі. Расія не нервавалася з нагоды пашырэння NATO. Але ў 2018 годзе рэчаіснасць змянілася. Пасля вайны ва Украіне і Сірыі, міграцыйнага крызісу ў ЕЗ Брусэль не хоча сутыкацца з чарговым цэнтрам напружання, якім могуць стаць Балканы. ЕЗ вырашыў стаць донарам стабільнасці ў гэтым рэгіёне, таму і пайшоў на збліжэнне з Македоніяй.

Правядзенню рэферэндума папярэднічала дыпламатычная праца паміж Скоп’е і Афінамі, у выніку якой практычна ўсе непаразуменні былі знятыя. Македонцы пагадзіліся на кампрамісны варыянт з назвай Паўночнай Македонія, што збольшага задавальняе грэкаў. Вынік рэферэндума, аднак, стаў непрыемным сюрпрызам для яго арганізатараў. Хоць за еўрапейскую перспектыву прагаласавала больш за 90%, у самім рэферэндуме прынялі ўдзел каля 35% ад усяго складу спісу выбарцаў. Цяпер – сімвалічны мяч на полі македонскага парламенту, які, прагаласаваўшы за ЕЗ і NATO, мінімалізуе негатыўны эфект ад абсентеізму большасці македонцаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ