На Берасцейшчыне праходзіць тыдзень інвалідаў



У межах Тыдня людзей з абмежаванымі магчымасцямі, берасцейскія прадстаўнікі Беларускага Таварыства інвалідаў па зроку наведалі Дамачаўскі дом-інтэрнат. У ім знаходзіцца пяць чалавек, якія маюць праблемы са зрокам.

«Такія людзі патрабуюць асаблівай увагі грамадства», – адзначае старшыня берасцейскай абласной арганізацыі БелТІЗ Ірына Юрэня:

– Увага заўсёды важная. Не важна,  калі: свята ці не свята… Галоўнае, каб пра людзей не забывалі, нельга пра людзей забываць, бо жыццё вельмі хуткаплыннае, і хто ведае, што будзе з намі заўтра.

Сябры Беларускага Таварыства інвалідаў па зроку падрыхтавалі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі харчовыя наборы, падарункі і культурную праграму.

 * * *

На Берасцейшчыне ладзіцца тыдзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.

У шэрагу раённых арганізацый адбываюцца святочныя мерапрыемствы, а таксама дыскусіі аб магчымасцях эфектыўнага ўзаемадзеяння такіх людзей з грамадствам, распавяла старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Ірына Юрэня:

– Чарговы раз уся шырокая грамадскасць звяртае на нас увагу, узгадвае пра тое, што побач са здаровымі людзьмі ёсць тыя, што патрабуюць дапамогі, падтрымкі і ў першую чаргу чалавечага разумення. Да такой катэгорыі адносімся і мы – людзі з інваліднасцю, якія маюць абмежаванні і праблемы са зрокам.

У межах тыдня інвалідаў былі арганізаваныя круглыя сталы, канферэнцыі, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, шэрагу ўстаноў і арганізацый, адбыліся канцэртныя праграмы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце